Рэспубліканскі суботнік пройдзе ў краіне

20 Красавіка 2018

Ужо заўтра ў краіне пройдзе рэспубліканскі суботнік. Беларусы будуць працаваць на рабочых месцах і прыводзіць у парадак гісторыка-культурныя каштоўнасці, тэрыторыі населеных пунктаў, рыхтаваць дзіцячыя аздараўленчыя і спартыўна-аздараўленчыя лагеры да летняга сезона. Па традыцыі грошы пойдуць на рэалізацыю важных праектаў. У Віцебскай вобласці частку заробленых грошай накіруюць на абнаўленне мемарыялаў, якія захоўваюць памяць аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны і добраўпарадкаванне населеных пунктаў. Гэты суботнік праходзіць пад знакам малой радзімы. Дарэчы, многія беларусы ўзяліся наводзіць парадак на роднай зямлі не чакаючы выхадных. Марына Раманоўская працягне.

Да гулу тэхнікі ў самым цэнтры гарадскога пасёлка жыхары Расон ужо прывыклі. І нават самі актыўна падключыліся да добраўпарадкавання знакавага для рэгіёна месца. Штодня на тэрыторыі мемарыяла, які захоўвае памяць аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны, працуюць не менш за 50 чалавек. Графік: з раніцы і да позняга вечара.

Рэканструкцыя мемарыяльнага комплексу працягваецца з мінулага года. Характэрна, што абнаўленне мемарыяла пачалося з суботніка, арганізаванага па ініцыятыве абласнога Савета дэпутатаў. Перш за ўсё тут дэмантавалі старую тратуарную плітку і бардзюры. Паступова праводзіліся і іншыя работы. Заробленыя на рэспубліканскім суботніку грошы дапамогуць зрабіць месца памяці як на карцінцы.

Мемарыяльны комплекс пабудаваны ў 1965 годзе. Тут больш за 2 тысячы чалавек. На плітах прозвішчы савецкіх воінаў, партызан і падпольшчыкаў.

Расоны называюць краем партызанскай славы. З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны тут была разгорнута шырокая падпольная, а крыху пазней і партызанская барацьба супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У верасні 1942 некалькі удзельнікаў Расонскай падпольнай групы, у тым ліку і маці Пятра Машэрава, былі арыштаваныя. Пасля зверскіх катаванняў падпольшчыкаў расстралялі.

На месцы стаянкі партызанскай брыгады імя Ракасоўскага - музей партызанскага побыту пад адкрытым небам. Адноўлены штабная і жылыя зямлянкі, зброевая майстэрня, сталовая. Заўтра тут будуць працаваць некалькі дзясяткаў чалавек. Удзельнікі суботніка навядуць парадак пасля зімы і абновяць зямлянкі.

Па месцах баявой славы распрацаваны экскурсійны маршрут. На 9 Мая тут асабліва шматлюдна. Дарэчы, менавіта ў Дзень Перамогі і адбудзецца ўрачыстае адкрыццё абноўленага мемарыяла ў Расонах.