Рэспубліканскі патрыятычны праект "Памяць сэрца" стартаваў у Дзятлаўскім раёне. Моладзевая ініцыятыва накіравана на захаванне гістарычнай памяці аб подзвігах нашых дзядоў і прадзедаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Пачалася акцыя з аўтапрабегу. Удзельнікі наведалі месцы масавых расстрэлаў мірных жыхароў: усклалі кветкі да абеліскаў, правялі мітынг-рэквіем. Падчас адкрытага "Дыялогу пакаленняў" абмеркавалі пытанні патрыятычнага выхавання моладзі. Падрабязнасці ў Юрыя Карняловіча.
Стартаваў аўтапрабег тут, прама ў цэнтры Дзятлава. Два дзясяткі аўтамабіляў з нацыянальнымі флагамі адправіліся па памятных мясцінах Дзятлаўскага раёна. Па дарозе да аўтакалоны будуць далучацца і іншыя ўдзельнікі прабегу.
Маршрут сімвалічны, пракладзены ён па мясцінах масавых расстрэлаў мясцовых жыхароў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Зараз там усталяваны абеліскі, да якіх удзельнікі аўтапрабегу ўсклалі кветкі.
Завяршыўся аўтапрабег у лясным масіве недалёка ад вёскі Курпешы. Тут знаходзіцца брацкая магіла, у якой пахаваны 2 800 яўрэяў з усяго Дзятлаўскага раёна. Менавіта гэтае месца ў 1942 годзе фашысты выбралі для знішчэння мірных людзей. Сюды звозілі і расстрэльвалі старых, жанчын і дзяцей на працягу некалькіх месяцаў. Каб ушанаваць памяць загінуўшых, удзельнікі аўтапрабегу і моладзь раёна правялі мітынг-рэквіем і запалілі ля абеліска лампады.
Мерапрыемствы праекта "Памяць сэрца" пройдуць ва ўсіх рэгіёнах Беларусі да 24 снежня. У мясцінах, звязаных з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, маладыя людзі арганізуюць мітынгі-рэквіемы з ускладаннем кветак і запальваннем лампад у падтрымку новага патрыятычнага праекта.













