Рэспубліканскі конкурс WorldSkills пройдзе ў Мінску на наступным тыдні

18 мая 2018

WorldSkills у Мінску - рэспубліканскі конкурс прафесійнага майстэрства пройдзе на наступным тыдні. Сталіцу ў 37 прафесіях прадставяць лепшыя навучэнцы каледжаў, ліцэяў, універсітэтаў, а таксама маладыя спецыялісты мінскіх прадпрыемстваў. Пераможцы выступяць за Беларусь у наступным годзе на міжнародных спаборніцтвах у Казані. Пра падрыхтоўку да рэспубліканскага адбору Надзея Сербіненка.

Калодзежная, анкерная, трохрадная - Андрэй выдатна ведае ўсе магчымыя спосабы кладкі цэглы. 17-гадовы юнак, першакурснік пятага мінскага ліцэя, рыхтуецца да ўдзелу у "WorldSkills Беларусь - 2018". У яго кампетэнцыі - цаглянай кладцы - заўсёды жорсткая канкурэнцыя. Таму і падрыхтоўка да конкурсу была вельмі плённай.

Рыхтуе першакурсніка выкладчык Уладзімір Дудараў. Майстар на мінулых спаборніцтвах прафмайстэрства ў Абу-Дабі атрымаў статус міжнароднага эксперта ў сваёй кампетэнцыі. І ў складзе інтэрнацыянальнага журы ацэньваў майстэрства ўдзельнікаў з трыццаці краін свету.

Пяты ліцэй рыхтуе яшчэ двух удзельнікаў - па сталярнай справе і вытворчасці мэблі.

Працаваць з дрэвам атрымліваецца не ва ўсіх, тым больш што майстэрства ўдзельніка ацэньваецца літаральна міліметрамі. А да выканання заданняў трэба падыходзіць творча.

Рэспубліканскі адбор аб'яднае спаборніцтвы па 37 прафесіях - інфармацыйныя тэхналогіі і будаўніцтва, вытворчыя і інжынерныя спецыяльнасці, творчасць. Прымаюць удзел больш за 300 навучэнцаў, студэнтаў, маладых рабочых з усіх рэгіёнаў краіны.

Рэспубліканскі конкурс пройдзе на пляцоўках футбольнага манежа. Урачыстая цырымонія адкрыцця адбудзецца ў панядзелак, 21 мая. На наступны дзень пачнецца конкурсная праграма.