Рэспубліканскія спаборніцтвы па зімовай рыбалцы праходзяць у Гродзенскім раёне

27 января 2013

Чэмпіянат па зімовай рыбалцы само па сабе спаборніцтва незвычайнае. Але, бадай, першае адрозненне ад звыклых спартыўных спаборніцтваў, якое кідаецца ў вочы, - гэта цішыня на арэне. Балельшчыкі свае каманды падтрымліваюць у поўным маўчанні. Ды і правілы на лёдзе асаблівыя. 


Андрэй Каўрыжкін, галоўны суддзя рэспубліканскіх спаборніцтваў па зімовай лоўлі на мармышку: Кожны спартсмен павінен выкарыстоўваць адну мармышку без пацерак, без дадатковых прыстасаванняў. На мармышцы павінен быць адзін кручок. Усе спартсмены павінны знаходзіцца не бліжэй чым за 5 метраў адзін ад аднаго.
Рыбная лоўля - гэта ўсё-такі таксама спорт, і без допінг-пробаў на цяперашніх спаборніцтвах не абышлося. І ў рыбакоў, аказваецца, з гэтым строга.
Андрэй Каўрыжкін, галоўны суддзя рэспубліканскіх спаборніцтваў па зімовай лоўлі на мармышку: Як будзе выглядаць допінг на рыбалцы? Калі вы маеце на ўвазе алкаголь, то ён таксама лічыцца допінгам, і калі хтосьці крыху перавысіць дапушчальныя нормы, то мы будзем гэта спыняць. Але пакуль я лічу, што ў нас усё добра.
На лёдзе ў спецыяльнай рыбацкай уніформе цяжка з першага погляду вызначыць - мужчына схіліўся над лункай ці дзяўчына. Але адзін рыбак сапраўды быў удзельніцай. Анастасія Пракапенка з вудай не расстаецца з 6 гадоў, гаворыць, што на лёдзе барацьба палоў амаль такая ж, як і ў жыцці.
Сапраўдныя беларускія джэнтльмены, дарэчы, летась заваявалі і міжнародны чэмпіёнскі тытул лепшага рыбака. Дастаўся ён стрыечнаму прапраўнуку легендарнага палкаводца часоў грамадзянскай вайны Юрыю Шчорсу. Наўрад ці гэта рыбацкая байка, але самая вялікая злоўленая ім рыба аказалася большай за самога Юрыя.
Цяперашнія рэспубліканскія спаборніцтвы па сутнасці толькі этап перад больш сур'ёзным спаборніцтвам - чэмпіянатам свету. Сёлета ён пройдзе ў Злучаных Штатах Амерыкі, але ўжо ў 2014-м прымаць рыбакоў з усяго свету будзе Беларусь.