Рашэнне Вярхоўнага суда па справе чорных рыелтараў з Магілёва абвесцяць 20 снежня

18 декабря 2017

Мінгарсуд пакінуў без змены меру стрымання абвінавачаным па справе аб распальванні нацыянальнай варожасці.

Гаворка ідзе пра беларускіх аўтараў расійскага інфармагенцтва "Рэгнум". Гэта Дзмітрый Алімкін, Юрый Паўлавец, Сяргей Шыпценка. Дваім апошнім інкрымінуюць таксама незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць. Фігурантаў справы затрымалі год таму пасля публікацый на расійскіх парталах. У матэрыялах ставіўся пад сумненне суверэнітэт Беларусі, таксама ў артыкулах змяшчаюцца абразлівыя выказванні ў адрас беларускага народа, яго гісторыі, мовы, культуры. Паводле звестак следства, за заказныя публікацыі аўтары атрымлівалі ўзнагароду ад шэф-рэдактара "Рэгнума" Юрыя Баранчыка. Ён аб'яўлены ў міжнародны вышук за распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці. Падсудныя сваю віну не прызнаюць.

А вось рашэнне Вярхоўнага суда па справе чорных рыелтараў з Магілёва абвесцяць у сераду, 20 снежня. Зараз ідзе разгляд апеляцыі. Двое фігурантаў спадзяваліся на адмену смяротнага прысуду, яшчэ двое - на скарачэнне тэрміну: раней яны атрымалі па 22 і 24 гады пазбаўлення волі. Аднак сёння адзін з абвінавачаных Сямён Беражной заявіў, што не жадае адмены прысуду першай інстанцыі і хоча, каб яго прысудзілі да расстрэлу. Таксама мужчына прызнаўся, што даваў ілжывыя сведчанні і абгаварыў Таццяну Гершанкову. Паводле яго слоў, жанчына не ведала пра забойствы людзей. Прынамсі, пра эпізоды з 2013 года. У сваю чаргу абарона аспрэчвае існаванне арганізаванай злачыннай групы. Як заявіла адна з адвакатаў, доказаў гэтаму няма. Дзяржабвінаваўца папрасіў пакінуць прысуд без змены. Суд выйшаў ў дарадчы пакой. Нагадаем, з 2009 па 2015 гады чорныя рыелтары з Магілёва спецыяльна шукалі самотных людзей або тых, хто шмат п’е, угаворвалі прадаць кватэру або памяняць на таннае жыллё, афармлялі дамову па законе і забівалі кліентаў. Грошы пакідалі сабе. На іх рахунку шэсць жыццяў. Яшчэ адзін чалавек пазбег смерці, хоць і для яго ўжо была гатовая магіла.