Вырашаны лёс двухвекавых будынкаў у сядзібе "Лошыца"

5 апреля 2017

Помнікі архітэктуры адновяць за кошт бюджэту. Былыя вытворчыя карпусы ўключаны ў інвестпраграму гэтага года. Падрабязнасці ў сюжэце Алены Борматавай.

Будынкі, якія ўмоўна называюць комплекс бровара, уваходзяць у склад сядзібна-паркавага ансамбля “Лошыца”. Пры ўладаннях Любанскага гэта былі вытворчыя карпусы, складскія памяшканні і дом акцызніка. Існавала яшчэ некалькі дапаможных памяшканняў, аднак яны захаваліся толькі ў інвентарах.

З боку сучаснай вуліцы Чыжэўскіх быў галоўны ўваход у сядзібны комплекс, які абазначаўся брамай. У XVIII стагоддзі тут з'явіліся першыя вытворчыя карпусы. Іх узводзілі з дрэва. Праз стагоддзе комплекс перавялі ў цэглу. Да сёння захаваліся тры будынкі, кожны з якіх уключаны ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі.

У XX стагоддзі тут размяшчалася і садаводчая навучальная ўстанова. Пасля вайны ў гэтыя памяшканні пераехаў штаб партызанскага руху. Імаверна, тут жа знаходзілася і школа НКУС. На доўгі час адзін з былых вытворчых карпусоў стаў домам для дзясяткаў сем’яў. Надбудаваны другі паверх – гэта былыя кватэры. Дом рассялілі ўжо ў 2000-х. Рэстаўратары і гісторыкі правялі архітэктурна-археалагічныя абмеры і гісторыка-бібліяграфічныя даследаванні. З 13 года комплекс прадавалі на аўкцыёнах. Планавалася, што тут будзе чатырохзоркавы гатэль. Пакупніка не знайшлі. Пашыралі функцыянальнасць – і зноў безвынікова. Зараз прынялІ рашэнне – аднаўляць помнікі архітэктуры будуць за дзяржаўныя сродкі. Будынкі перадаюць на баланс «Мінскай спадчыны».

Зараз ідзе распрацоўка праекта. Яго павінны зацвердзіць у Мінгарвыканкаме і адобрыць на навукова-метадычнай радзе ў Міністэрстве культуры. Да канца года праект будзе гатовы да рэалізацыі. Мяркуецца, што тут з'явіцца адразу некалькі рознапрофільных устаноў – ЗАГС, кафэ і рэстаран, выставачныя пляцоўкі.

Галіна Левіна, архітэктар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі:

"Да нашага часу захавалася вельмі шмат прамысловых цэнтраў. І гэта мы бачым на вуліцы Кастрычніцкай - цяперашні завод "Крышталь". Гэта калісьці была, дарэчы, былая бісквітная фабрыка. Там таксама быў броварны і дражджавы завод. Захаваліся чарцяжы і таксама магчыма аднаўленне гэтага комплексу".

Падобны тып прамысловай архітэктуры людзі звычайна ўспрымаюць як непатрэбныя будынкі, якія адслужылі свой век. Для спецыялістаў гэта найперш нацыянальная каштоўнасць, якой варта надаць новае жыццё. Помнікі даследаваны архітэктарамі. Іх інтэграцыя ў сучасную гарадскую прастору досыць перспектыўна ў розных галінах дзейнасці – ад рэстараннага бізнесу да арганізацыі культурных праектаў. А аб'яднанне былых вытворчых памяшканняў у агульны гістарычны план натуральна выліваецца ў новы турыстычны маршрут.