Рэктар БНТУ: Сітуацыя знаходзіцца пад кантролем

28 февраля 2020
У сувязі з выяўленнем каранавіруса ў грамадзяніна Ірана ў БНТУ на два тыдні адмянілі заняткі. Пра гэта паведаміў рэктар. На працягу 14 дзён студэнты будуць навучацца індывідуальна. Заданні яны будуць атрымліваць па тэлефоне або па электроннай пошце. Як адзначыў Сяргей Харытончык, раней у ВНУ ўжо была адпрацаваная гэтая схема, па ёй вучыліся валанцёры Еўрапейскіх гульняў. Таксама ва ўніверсітэце адмянілі ўсе запланаваныя на гэты час мерапрыемствы. Чакаецца, што ў поўным аб'ёме студэнты пачнуць вучыцца 16 сакавіка.

Сяргей Харытончык, рэктар БНТУ: "Гэта адзінкавы выпадак. Сітуацыя знаходзіцца пад кантролем. Мы працуем у цесным кантакце з Міністэрствам аховы здароўя. Былі ўстаноўленыя нашы студэнты, работнікі, якія маглі кантактаваць са студэнтам. Сёння яны накіраваныя ў адпаведныя ўстановы аховы здароўя для далейшага абследавання. Мы будзем прымаць меры для таго, каб паменшыць кантакты паміж студэнтамі і выкладчыкамі".