Рэкорд Мінскага паўмарафону. Больш за 60 краін, каля 40 тысяч удзельнікаў

15 сентября 2019

Сённяшняе спартыўнае свята ў сталіцы аб'яднала больш за 40 тысяч беларусаў і гасцей сталіцы.  Гэта рэкорд Мінскага паўмарафону, які ўжо пяты год запар збірае  аматараў бегу. Сярод пераможцаў традыцыйна жыхары Кеніі і Эфіопіі. Але сёння на самай прэстыжнай дыстанцыі - 21 кіламетр -  перамогу святкавала і беларуска  Ніна Савіна. На старты выйшлі таксама чыноўнікі, зоркі эстрады, спорту і нашы калегі журналісты. Эмоцыямі спартыўнага свята ўдзельнікі падзяліліся з нашай здымачнай групай. Падрабязнасці ў Аляксандра Камовіча. 

Навінавыя стужкі і сацыяльныя сеткі сёння літаральна тонуць у паведамленнях аб спартыўным свяце ў Мінску. Здаецца, што бягуць літаральна ўсе - ад малога да вялікага. Як доказ таго, што рух гэта жыццё, удзельнік з Полацка Віктар Варанкоў у бегу ўсё жыццё. Сёлета ў Мінск прыехалі і яго ўнукі.

Сёлетні старт юбілейны - 5 гадоў дыстанцыі на 5, 10 і 21 кіламетр прывабліваюць у беларускую сталіцу дзясяткі тысяч аматараў бегу. На імправізаваных трыбунах уздоўж трас не меншая колькасць гледачоў. Атмасфера спартыўнага свята адчуваецца шматлікія кіламетры.

Самыя яркія падзеі спартыўнага свята гэта, вядома, старты. А самы шматлюдны  - на 5 кіламетраў. Сёлета Мінскі паўмарафон б'е свае ж рэкорды. Паводле папярэдніх звестак, у ім удзельнічаюць звыш 40 тысяч чалавек  больш як з 60 краін свету. Прычым бягуць як спартсмены, так і аматары здаровага ладу жыцця.

Сярод вядомых ужо пераможцаў грамадзяне традыцыйна моцных у бегу краін -  Эрытрэі, Кеніі, Эфіопіі. Зрэшты, нямала ўзнагарод і ў беларусаў. Хтосьці прыехаў сюды па перамогу, хтосьці акунуцца ў атмасферу, а хтосьці паказаць сябе. 

На старты сёння выйшлі таксама чыноўнікі, зоркі эстрады, спорту і нашы калегі журналісты. Гэту прафесію сапраўды кормяць ногі, таму выхад на дыстанцыю - гэта як адна з праверак на прафпрыгоднасць.

Сёлета Мінскаму паўмарафону прысвоілі сярэбраны лэйбл - гэта высокая ацэнка арганізацыі забегу, дакладнасці вымярэнняў, гарантавання бяспекі і ў цэлым узроўню спаборніцтваў. А пераможцы паўмарафону атрымалі каштоўныя прызы. Зрэшты, як і 5 гадоў таму, для многіх удзельнікаў галоўнае ўсё ж удзел і дух спартыўнага свята.