Рэканструкцыя Музея старажытнабеларускай культуры НАН Беларусі

28 сентября 2020
Маштабная рэстаўрацыя Музея старажытнабеларускай культуры Нацыянальнай акадэміі навук. Першая за 40 гадоў. Паводле мастацкай і архітэктурнай канцэпцыі, экспазіцыя будзе практычна новай. Акрамя арыгінальных прадметаў 16-17 стагоддзяў, будуць прадстаўленыя і вынікі навуковых работ супрацоўнікаў. Бо ў музеі не толькі захоўваюць помнікі гісторыі і мастацтва, тут іх вывучаюць, аднаўляюць тэхналогіі вырабу і ўзнаўляюць. Алена Борматава - пра пераўтварэнне акадэмічнага музея. 

Першая рэканструкцыя за 40 год існавання 


Тысяча квадратаў у рамонтным антуражы. Рэканструкцыя і капітальны рамонт Музея старажытнабеларускай культуры ў стадыі мастацкага афармлення. Залы паступова набываюць экспазіцыйны выгляд. Упершыню за гісторыю тут адновяць камін 19 стагоддзя і печ 18-га. 

Сучасныя тэхналогіі ў музейнай справе 


Рэканструкцыя музея – гэта не толькі новыя вітрыны. Гэта яшчэ і тэхнічнае аснашчэнне, на якое наведвальнік, як правіла, не звяртае ўвагі - сістэма вентыляцыі, тэмпературны і вільготнасны рэжымы. Дзякуючы гэтаму, упершыню ў пастаяннай экспазіцыі з'явяцца слуцкія паясы, якія да гэтага захоўвалі ў фондах. Адна з самых складаных праблем – святло ў экспазіцыйных залах. 
 

Нюансы захоўвання старажытных прадметаў 


Капітальны рамонт закране і фондасховішча. Яно атрымае адпаведныя часу ўмовы захоўвання прадметаў. Дарэчы, фонды ўстановы - больш за 30 тысяч адзінак, як у Нацыянальным мастацкім музеі. Асаблівых умоў захоўвання патрабуюць тэкстыль і тканіны. Тут самая вялікая ў краіне калекцыя традыцыйнага беларускага касцюма. Прадстаўлены ўсе рэгіёны. 

Паліна Богдан, навуковы супрацоўнік Музея старажытнабеларускай культуры НАН Беларусі: "Мы часам бачым рушнікі, якія створаны з жаночых галаўных убораў - намітак. Для спецыялістаў гэта цікавая адметнасць, таму што такія рушнікі ўтрымліваюць два ў адным. Па-першае, гэта рушнік дэкаратыўны твор, які ўпрыгожваў жыллё традыцыйнае. А па-другое, гэта ў мінулым яшчэ і частка касцюма жанчыны, паколькі наміткі выйшлі з ужытку даволі даўно для нас, для спецыялістаў – гэта цэнная інфармацыя аб тым, якія яны былі...”.

Што новага ўбачым пасля аднаўленчых работ 


Паралельна з аднаўленнем гістарычных прадметаў ідзе і навуковая праца. Бо нават палатно ў кожным рэгіёне было рознае і па колеры, і па шчыльнасці. Навукоўцы могуць вызначыць рэгіён літаральна дакрануўшыся да рушніка. Пасля аднаўлення прадставяць культуру розных канфесійных груп і эпох. 

Як выглядалі людзі эпохі бронзы? Захаваліся асобныя прадметы ўласнага карыстання. Строі рэканструявалі з дапамогай археолагаў. Не менш складаная сітуацыя і з 18 стагоддзем. Адзіная крыніца – партрэты, але яны не даюць уяўлення ні пра крой, ні як былі пашыты касцюмы. У архівах былі знойдзены кроі і рэканструявалі строі з дапамогай навукоўцаў. Зараз усе даследчыя матэрыялы захоўваюцца ў музеі, і пры жаданні іх можна паўтарыць.
 

Як рабілі макіяж дамы розных гістарычных эпох 


Для дэманстрацыі строяў розных стагоддзяў скульптар адмыслова вырабляў фігуры. У кожнай свае рысы. Нават макіяж жанчынам рабілі ў адпаведнасці з эпохай. Мэйк-ап 18 стагоддзя адрозніваўся яркімі румянамі і крыху падведзенымі вачыма. Наведаць адноўленую музейную экспазіцыю можна будзе ў наступным годзе