У Смалявіцкім раёне пачалася рэканструкцыя мемарыяла "Разгром". За справу ўзяліся мясцовыя ўлады, валанцёры і скульптары. Задача - аднавіць пашкоджаную стыхіяй сем гадоў таму велічную скульптуру: чатырохметровую постаць байца.
Сімвал доблесці і партызанскай мужнасці ўсталююць на ранейшым месцы. Старэйшым куратарам і кансультантам аднаўленчых работ стаў мясцовы жыхар ветэран Вялікай Айчыннай вайны Станіслаў Мурашка. Ён адзіны жывы ўдзельнік аднайменнай легендарнай брыгады "Разгром".
Пра ўвагу і пашану да мясцін баявой славы і ўвекавечанне подзвігаў простых людзей падчас ваеннага ліхалецця раскажа Аляксандра Гойтан. Непрыступная лясная крэпасць з волатаў-дрэў і непраходных балот. Урочышча Стрыева - сэрца гушчару на мяжы Смалявіцкага і Чэрвеньскага раёнаў. Больш за 80 гадоў таму на гэтым месцы размяшчалася партызанская брыгада "Разгром".
Пасля Вялікай Перамогі подзвіг славутай брыгады, якую двойчы спрабаваў знішчыць вораг, увекавечылі ў камені. На месцы дыслакацыі саміх партызансках атрадаў вырас помнік у выглядзе сімвалічнай піраміды. А воддаль - на партызанскіх могілках - чатырохметровая скульптура народнага байца.
У Смалявіцкім раёне мясцовыя ўлады, неабыякавыя людзі і скульптары пакрысе ўзяліся за добраўпарадкаванне і рэканструкцыю партызанскага мемарыяла. Да аднаўлення падышлі з асаблівай адказнасцю. Па парады звярнуліся да мясцовага жыхара Станіслава Мурашкі. Ветэран Вялікай Айчыннай, бадай, адзіны жывы ўдзельнік легендарнай брыгады "Разгром".
13-гадовым падлеткам разам са старэйшым братам Станіслаў Мурашка стаў сувязным партызанскага атрада. Юнак збіраў інфармацыю аб раскладзе чыгункі. Як вынік агульнага вялікага супраціўлення - свыш 280 знішчаных варожых эшалонаў і ў дзевяць разоў больш пашкоджаных рэек чыгуначнага палатна.
Хто аўтар мемарыяльнага комплексу - невядома. Таму аднаўленне скульптуры паўтараюць з дакладнасцю да дробязей па рарытэтных фотаздымках і з такога ж матэрыялу - сілуміну (гэта сплаў алюмінію з крэмніем). За справу ўзяўся скульптар Уладзіслаў Руткоўскі. Пасля зацвярджэння эскіза мініяцюрную копію ён павялічыць да арыгінала.
Мемарыял каля паўвека служыў месцам сустрэчы і агульнага святкавання Перамогі, памяці і ўшанавання баявых таварышаў і ўдзячных нашчадкаў.
Далучыцца да аднаўлення запрашаюць валанцёраў і ўсіх добраахвотнікаў, каб абеліск вялікага подзвігу захаваць праз стагоддзі.
Рэканструкцыя мемарыяла "Разгром" пачалася ў Смалявіцкім раёне
14 июня 2023













