Рэканструкцыя гістарычных баёў сёння прайшла ў мемарыяльным комплексе "Лінія Сталіна"

21 февраля 2015

Легендарная тэхніка часоў Вялікай Айчыннай вайны і сучасныя ўзоры сённяшняй арміі паўсталі перад наведвальнікамі ў гонар святкавання Дня абаронца Айчыны і памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Сярод тысячы гледачоў пабываў і наш карэспандэнт Уладзімір Каралёў.

Армейскі недарожнік "Фальксваген Тур 82" або "Кюбельваген", створаны ў 1938 годзе Фердынандам Поршэ, рыхтуецца да бою. Сёння на "Лініі Сталіна" - рэканструкцыя аднаго з эпізодаў Вялікай Айчыннай вайны. Спроба прарыву фронту падчас вызвалення Беларусі - перад мужчынскім святам, традыцыйна "Лінія Сталіна" рыхтуе сюрпрызы для наведвальнікаў.

Аляксандр Мятла, дырэктар дабрачыннага фонду "Памяць Афгана": "Сёння шмат, хто служыў у савецкай арміі, прыехалі сюды. Ёсць і з Наваполацка хлопцы, ёсць з Чэрвеня дэлегацыя, якія служылі ў савецкай арміі. Мы традыцыйна праводзім рэканструкцыю баявых дзеянняў Вялікай Айчыннай вайны і не такой далёкай афганскай вайны".

Сярэдні танк Т-34 з'яўляецца пасля разведкі, каб заняць абарону ў адной з вёсак. Самы масавы танк Другой сусветнай і асноўная баявая машына Рабоча-сялянскай арміі - легенда таго часу. Паглядзець на 70-гадовы рарытэт мінулай эпохі сабраліся тысячы людзей.

Кавалерыйская атака часоў Грамадзянскай вайны, рэканструкцыя баявых дзеянняў у Афганістане, паказальныя выступленні па рукапашным баі, стральба з баявых Т-72 і БМП і, вядома ж, сапраўдная салдацкая каша - усё гэта разам з вясновым надвор'ем проста не магло не пакінуць добрых успамінаў.

Свята працягнецца і заўтра. У нядзелю на "Лініі Сталіна" будуць праводзіць зіму. Зрэшты, галоўныя атрыбуты Масленіцы - бліны - ужо пякуцца.