Конная кавалерыя, зброя і артылерыйскія залпы пад Брэстам... Рэканструктары з Беларусі, Украіны і Расіі ўзнавілі падзеі заканчэння Першай сусветнай вайны і падпісання перамір'я на Усходнім фронце.
Расказвае Вікторыя Патоня. У сядзібе Нямцэвічаў пад Брэстам навукоўцы, краязнаўцы і рэканструктары збіраюцца ўжо чацвёрты раз, каб нагадаць аб падзеях Першай сусветнай вайны. Яна ўвайшла ў гісторыю як імперыялістычная, у яе былі ўцягнутыя наймацнейшыя еўрапейскія краіны і іх калоніі.
Мясцовыя краязнаўцы сцвярджаюць, што менавіта тут, у Скоках, быў пакладзены пачатак Брэсцкаму мірнаму паганенню. У сядзібе Нямцэвічаў у гады Першай сусветнай размяшчалася стаўка камандуючага германскім Усходнім фронтам прынца Баварскага Леапольда. У сваіх дзённіках ён пісаў, што 15 снежня 1917 года ў гэтым будынку было падпісана перамір'е паміж Савецкай Расіяй, Германіяй і яе саюзнікамі. Усе баявыя дзеянні былі прыпыненыя.
Ужо пасля краіны - удзельніцы Першай сусветнай селі за стол перамоў, пазней было заключанае Брэсцкае мірнае пагадненне. Аб гэтай падзеі будзе нагадваць мемарыяльная дошка. А каб як мага больш людзей прачулі, што гэта была за вайна, больш чым 130 рэканструктараў з Беларусі, Украіны і Расіі ўзнавілі падзеі апошніх баталій.
Прадстаўнікі 20-ці ваенна-гістарычных клубаў падкрэсліваюць: уся амуніцыя і зброя ідэнтычныя тым, што выкарыстоўвалі салдаты ў гады Першай сусветнай. Толькі кулі і гранаты піратэхнічныя. Гэтых людзей розных прафесій і ўзростаў аб'яднала адно - цікавасць да мінулага.
Гэтая вайна стала першай у гісторыі чалавецтва, калі войскі перайшлі ад манеўранай тактыкі да акопаў. З'явіліся новая тэхніка і зброя, у тым ліку хімічная.
Сяргей Захараў, рэканструктар 250-га рэзервовага нямецкага пяхотнага палка (Мінск): "Падчас Першай сусветнай авіяцыя з выключна мірнай стала ваеннай. Першы стратэгічны бамбардзіроўшчык з'явіўся ў Расіі. Гэта "Ілья Мурамец" Сікорскага. Потым 1917 год, з'яўляецца новая дагэтуль нябачаная зброя, якую войскі не ведалі. Гэта танк".
Дагэтуль няма абагульненых звестак наконт загінуўшых на франтах вялікай вайны. Адны толькі воінскія страты склалі каля 10 мільёнаў. І сёння да гісторыі Першай сусветнай прачынаецца ўсё большая цікавасць. Сотні гледачоў на рэканструкцыі яркае таму пацвярджэнне.













