Рэгулярным перавозчыкам прапаноўваюць да канца года працаваць без правядзення конкурсу

22 мая 2018

Маршрутныя баталіі ў Беларусі, відаць, блізкія да завяршэння. Рэгулярным перавозчыкам прапаноўваюць да канца года працаваць без правядзення конкурсу. Неабходна толькі заключыць адпаведны дагавор. Такую ўступку робіць праект указа "Аб некаторых пытаннях ажыццяўлення міжгародных аўтамабільных перавозак пасажыраў". Над новымі правіламі працуе спецыяльная група, якая павінна ўнесці карэктывы ў дзеючыя нормы. У тэме камфортных перавозак разбіралася Вікторыя Антоненкава.

 Пытанне аб пераходзе ўсіх перавозчыкаў на рэгулярнае паведамленне ўзнікла ў канцы зімы, пасля ўступлення ў сілу змен у Закон "Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках". Паводле дакумента, неабходна было легалізаваць свой статус: заключыць дагавор з аператарам, ездзіць па зацверджаным графіку і маршруце, прайсці конкурс на выкананне перавозак. Гэты пункт і стаў каменем спатыкнення. Некаторыя машыны проста не выйшлі ў рэйсы. За рашэнне пытання ўзялася спецыяльна створаная пры Савеце міністраў рабочая група. Першы вынік яе працы - новы праект указа.

Сяргей Дубіна, начальнік упраўлення Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі: "Шэраг перавозчыкаў выказвалі апасенні, што складана будзе зайсці на рынак рэгулярных перавозак з-за складанасці конкурсу. Такім чынам мы часова прадстаўляем права зняць гэтыя апасенні перавозчыкаў для таго, каб зайсці на гэты рынак. А далей ужо застанецца наймацнейшы".

Першарадная задача ўказа - стабілізаваць сітуацыю, якая склалася на рынку перавозак пасажыраў. Дакумент вынесены на грамадскае абмеркаванне і будзе дапрацоўвацца. Неабходна прапісаць правы і абавязкі, адказнасць аператара і перавозчыка, пазначыць, на якія маршруты дзеянне ўказа будзе распаўсюджвацца. Акрамя таго, неабходна стварыць шэраг крытэрыяў, паводле якіх вызначаць, на які тэрмін падпісваць дагавор на выкананне перавозак.

Кацярына Станкевіч, старшыня Асацыяцыі прафесійных перавозчыкаў пасажыраў: "Калі ў перавозчыка існуе свая сістэма браніравання, гэта ўжо нешта новае, прыём аплаты па электроннай карце, які мае сваю дыспетчарскую службу і здольны арганізаваць маршрут, вопыт працы. Вопыт працы менавіта без парушэнняў па лініі транспартнай інспекцыі альбо ДАІ".

Перавозчыкі ўжо адзначаюць дадатны ўплыў новага ўказа. Ірына ўзначальвае адно з транспартных прадпрыемстваў больш за 13 гадоў. З самага пачатку працавала толькі ў рэгулярным паведамленні. Нядаўна вырашыла асвоіць міжгародныя перавозкі. Прызнаецца, што новы ўказ значна аблегчыў задачу.

Заключыць дагавор на выкананне рэгулярных перавозак тэрмінам да пяці гадоў можна да канца года. Пры гэтым пры якасным абслугоўванні пасажыраў, абнаўленні аўтапарка, адсутнасці парушэнняў можна прадоўжыць гэты дагавор таксама без правядзення конкурсу.