У Гомелі жыхары сутыкнуліся з праблемай рэакцыі на рэагенты. Размова аб сумесі солі і пяску

3 февраля 2018

Пагадзіцеся, прагулкі на свежым паветры зімой станоўча ўплываюць і на эмацыйны стан, і, як гавораць медыкі, на тонус нервовай сістэмы. Галоўнае, каб такія прагулкі не скончыліся непрыемнасцямі. Як, напрыклад, у Гомелі. Тут жыхары сутыкнуліся з праблемай рэакцыі на рэагенты. Размова аб сумесі солі і пяску. З аднаго боку, пасыпка неабходная для бяспекі на дарогах, з другога - небяспечная. Як апынулася, гэта сумесь стала грымучай і для хатніх гадаванцаў, і для абутку. Вольга Халадовіч больш падрабязна.

Прагулка з сабакамі для Наталлі Скапцовай скончылася візітам у клініку. Хатняя ўлюбёнка Дзіяна стала кульгаць. Дыягназ паставілі хутка - трэшчыны на лапах з-за ўздзеяння пясчана-саляной сумесі І такіх чатырохногіх пацыентаў, гавораць у ветстанцыі, зараз нямала.

Белыя сляды, разводы, трэшчыны - грымучую дарожную сумесь не вытрымлівае і абутак. У майстэрнях па рамонце зімой працы менш не становіцца. Майстры ўпэўненыя: каб новыя боты раптоўна не сталі ахвярай пясчана-салянога кактэйлю, трэба надаваць ім кожны дзень крыху ўвагі.

Камунальнікі ў сваю чаргу тлумачаць, што альтэрнатывы пясчана-салянай сумесі ў галалёд няма. Тым больш калі пытанне тычыцца бяспекі.

Разам з камунальнікамі ў гэты час года працуюць і медыкі. Перадаюць інфармацыю, дзе людзі падаюць часцей за ўсё, каб выявіць траўманебяспечныя месцы ў горадзе.

Усяго два міліметры лёду і без сумесі солі і пяску звычайны тратуар ператвараецца ў сапраўдны каток. Вывіх, удар або пералом можна атрымаць за секунду, а на рэабілітацыю спатрэбяцца месяцы.

Зіма для медыкаў - гарачая пара. Да іх па дапамогу з галалёднымі траўмамі звяртаюцца за суткі прыкладна 80 чалавек, у асноўным з пераломамі рук, ног або сатрасеннем.