Рэабілітацыя - з дапамогай экстрыму

3 августа 2017

Такім незвычайным спосабам беларускія дабрачынцы дапамагаюць аднаўляцца і не страчваць веры ў сябе людзям з абмежаванымі магчымасцямі. Гэты дабрачынны фонд названы ў гонар Аляксандра Ціхановіча. І гэта невыпадкова. Народны артыст Беларусі быў адным з валанцёраў гэтага руху. Як з рызыкай для жыцця вылечваюць цела і душу, убачыла Іна Пілевіч.

Няўдалы скачок у ваду падзяліў яго жыццё на да і пасля. Дзяніс Няверка вось ужо тры гады прыкаваны да інваліднага крэсла. Наступства пералому шыйнага аддзела пазваночніка. Дапамагчы не страціць веру ў сябе падахвоціліся валанцёры. Праўда, з боку дабрачынцаў ніякай спагады. Тут падыход іншы - у мэтах рэабілітацыі ласкочуць нервы сваім падапечным.

Задача фонду імя Аляксандра Ціхановіча - аказаць падтрымку людзям з рознымі хваробамі не толькі фінансавую, але і маральную. Дабрачынцы дапамагаюць зірнуць на свае праблемы літаральна - з вышыні. Акрыяць духам у палёце.

Народны артыст быў адным з валанцёраў. І таксама любіў вышыню. Ахвяраваў ганарары і бясплатна выступаў перад асаблівымі гледачамі. Пасля сыходу музыканта яго справа працягваецца. Аказваецца падтрымка 12-ці сацыяльным установам Мінска і вобласці. А гэта амаль тры тысячы падапечных.

Адзіны ў нашай краіне, хто праводзіць рэабілітацыю экстрымам. Рызыкоўны вольны час пад кантролем спецыялістаў - падапечныя праходзяць медыцынскую камісію і на смелыя крокі ідуць толькі ў суправаджэнні прафесійных парашутыстаў, пілотаў, дайвераў.

Але галоўнае - жаданне саміх падапечных. Так у Дзяніса Няверкі цэлы спіс экстрэмальных поспехаў - шматлікія палёты, паўтары гадзіны пад вадой з аквалангам.

А спецыяльна да 65-годдзя Аляксандра Ціхановіча адважыўся на скачок з парашутам. Хай і ў тандэме з дасведчаным спартсменам.

Далей - толькі зоркі. Зараз дабрачынцы вядуць перамовы з Цэнтрам падрыхтоўкі касманаўтаў. У планах - экскурсія па Зорным гарадку і нават праходжанне элементаў рэальнай праграмы трэніроўкі касманаўтаў. Каб ізноў, апынуўшыся ў зоне рызыкі, не страціць жыццёвага сэнсу.