Рэабілітацыя i цікавы адпачынак у цэнтры "Бусел"

1 августа 2018

Госці ў Беларускім дзіцячым хоспісе. Выхаванцы цэнтра летняга адпачынку "Бусел" кожнае лета праводзяць на прыродзе ў Стаўбцоўскім раёне. Рэабілітацыю сумяшчаюць з цікавым адпачынкам. Сёння бацькі і дзеці разам з валанцёрамі арганізавалі тэатралізаваную гульню “Што? Дзе? Калі?”

Мудрагелістыя і жартаўлівыя пытанні да інтэлектуальнай і ўлюбёнай гульні падапечныя хоспіса рыхтавалі доўгі час. Не толькі фармулёўку, але і прэзентацыю. Кожная задачка для знатакоў як міні-спектакль.

Дапамагаюць дзецям прадэманстраваць усе свае здольнасці і таленты валанцёры. Пяты год запар сюды прыязджае і Вольга Батура. На працягу года выхоўвае унукаў, а летам кухарыць і вучыць гатаваць розныя стравы падапечных хоспіса.

Кожны год у гэты цэнтр прыязджаюць і валанцёры з Англіі. Цёплыя і сяброўскія сувязі падтрымліваюць і пасля летніх канікул. Вядома, сапраўдная шчырасць і жаданне дапамагаць словам ці справай не маюць межаў.

Для многіх адпачынак у цэнтры - як глыток свежага паветра. Магчымасць забыцца на свае штодзённыя праблемы, знайсці новых сяброў і так неабходную падтрымку.

І бацькоўскія змены сярод падапечных сем'яў хоспіса заўсёды запатрабаваныя. Цэнтру “Бусел” заўсёды неабходна падтрымка ўсіх неабыякавых людзей. Зараз збіраюць сродкі на аднаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы. Першы маленькі крок – дабрачынны кірмаш. Пасля інтэлектуальных гульняў усіх, хто сёння правёў з выхаванцамі цэнтра вольны час, запрасілі на пачастункі і прапанавалі набыць канфіцюр, прыгатаваны па дамашніх рэцэптах.