Развіццё будаўнічай галіны і жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі абмяркоўваюць сёння на рэспубліканскім семінары ў Гродне

3 июня 2016

Як адзначыў намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Анатоль Калінін, вельмі важна, каб сучасныя тэхналогіі, што ўкараняюцца ў вытворчасць, адначасова неслі з сабой камфорт і зніжэнне выдаткаў для спажыўцоў. Адным з рэальных прыкладаў павінна стаць рэалізацыя сумеснага з ПРААН праекта будаўніцтва энергаэфектыўных дамоў. Тры жылыя будынкі ўзводзяць у Гродне, Мінску і Магілёве. За найбліжэйшыя гады гэтая практыка павінна распаўсюдзіцца на ўсю краіну.

Анатоль Калінін, намеснік прэм'ер-міністра Беларусі: "Задача ў сёлетняй пяцігодцы - выйсці як мінімум на 60% будаўніцтва жылля ў энергаэфектыўным выкананні. Гэта самыя сучасныя тэхналогіі, калі мы адбіраем цяпло з падземных крыніц, зямлі. Сонечная энергія, энергія сцёкавых вод у жылым доме - гэта дазваляе зніжаць выдаткі перш за ўсё спажыўцу".

Падчас семінара, як чакаюць эксперты, будуць прынятыя канкрэтныя рашэнні, як павысіць эфектыўнасць будаўнічай сферы Беларусі, а таксама раскрыць патэнцыял айчыннай вытворчасці. Размова ідзе наконт пашырэння практыкі выкарыстання цэментна-бетонных пакрыццяў, перапрацоўкі другаснай сыравіны, а таксама зніжэння выдаткаў галіны. Удзельнікі семінара плануюць перагледзець і нарматыўную дакументацыю, каб ад прыняцця рашэнняў да іх укаранення праходзіла менш часу.