Разбураны мост на Нёмане не могуць аднавіць ужо сёмы месяц

16 августа 2016

У Лідскім раёне мясцовыя жыхары вымушаны кружыць дзясяткі кіламетраў па аб'язных дарогах, каб даехаць да сельсавета або да дзяцей у госці. Вось ужо паўгода "вялікая зямля" і ўсе сваякі засталіся на іншым беразе ракі. Разбураны вясновым крыгаходам мост на Нёмане не могуць аднавіць ужо сёмы месяц. Галоўная прычына - цана работ. Будаўніцтва моста абыдзецца больш як у 200 тысяч рублёў пасля дэнамінацыі. Улады гавораць - нерэнтабельна. Як звязаць падзеленыя ракой сям'і? Меркаванні ўсіх бакоў (зацікаўленых і не вельмі) - выслухаў Дзмітрый Смірноў.

Пабудаваны ў 2012, гэты мост прастаяў усяго каля чатырох гадоў, хоць праекціроўшчыкі гарантавалі мясцовым жыхарам ледзь ці не 30. Гэтай вясной крыгаход літаральна знёс сярэдзіну моста, абарваўшы зносіны з "вялікай зямлёй" для дзвюх вёсак і дзясяткаў людзей па абодва бакі ракі.

За мінулыя паўгода мост не толькі не змаглі аднавіць - нават не дэмантавалі. У адміністрацыі прадпрыемства, якое аплачвала ўсе работы, на ўсё ёсць адна прычына.

Улічваючы, што дагэтуль не разлічыліся за лес, з якога будавалі зламаны мост, сума для СВК проста астранамічная. Аднак з іншага боку ракі - дзве вёскі, жыхары якіх не могуць змірыцца з новымі адлегласцямі.

З суседняй вёскі ў вёску Мацевічы праз мост было каля 4 кіламетраў. Аднак зараз, калі моста не стала, змянілася і лагістыка. Акруговая дарога займае амаль 40 кіламетраў.

Мясцовыя жыхары засталіся фактычна без аўтобусных зносін. На тым беразе транспарт адпраўляецца ў Ліду штодня, тут - толькі два разы на тыдзень.

Вёскі Карытніца і Краскі, якія аказаліся адрэзанымі на іншым беразе, уяўляюць і зусім дзіўную геаграфію. Яны адзінае, што тут належыць юрысдыкцыі Лідскага раёна. Усё вакол - тэрыторыя Дзятлаўскага.

На тым - лідскім беразе - застаўся толькі сельсавет. Мясцовыя ўлады не раз прапаноўвалі жыхарам ініцыяваць пераход у склад суседняга Дзятлаўскага раёна - будзе і бліжэй, і больш камфортна, аднак народная большасць захавала вёскі на лідскай зямлі.

Ужо зразумела, што новы шырокі мост у недалёкай будучыні тут не пабудуюць. Мясцовыя жыхары згодныя на любую пераправу - пантонны пераход або пешаходны мост. Суседні бераг, магчыма, і выглядае нерэнтабельным і эканамічна затратным, аднак вельмі важным для сем'яў па абодва бакі ракі.