Парадокс, але жыхары прыватнага сектара на вуліцы Максіма Танка чакаюць, калі іх дамы знясуць! Старыя драўляныя будынкі непрыдатныя для жыцця: да іх не праведзены ні газ, ні вада. Чаму пад забудову ў цэнтры Мінска да гэтага часу не знайшоўся інвестар? Адказы шукала Надзея Сербіненка.
Будынкі ў гэтым прыватным сектары амаль у цэнтры сталіцы ў аварыйным стане. Жыхарам абяцаюць знос і рассяленне не першы год, але і зараз яны працягваюць жыць у небяспечных старых дамах, якім больш за пяцьдзясят гадоў.
З аднаго боку - праспект Пераможцаў, а з другога - прыватны сектар. Тут няма газу, вады і ацяплення. І праблема, якой ужо больш за 40 гадоў, да гэтага часу не вырашана.
Міхаіл Нявейка з жонкай гасцінна паказваюць свае ўладанні: касабокі плот, стары свіран і дрывотню. Ужо шмат гадоў гэтая сям'я чакае пераезду. Але на свае пытанні жыхары атрымліваюць толькі адпіскі.
Лідзію Нявейку - гаспадыню дома - перапаўняюць супярэчлівыя пачуцці. Тут выраслі яе дзеці і ўнукі, гэты дом стаў для сям’і месцам, якое аб’ядноўвае, але і жыць у такіх умовах далей проста немагчыма.
Архітэктар Фрунзенскага раёна Максім Лебедзеў праблемны ўчастак вядзе з 2012 года. Уся справа ў тым, што інвестар да мінулага года быў. Але займацца рассяленнем сем’яў яму было нявыгадна. Такім чынам, каб вырашыць лёс жыхароў дзесяці дамоў, трэба знайсці новага інвестара.
Як хутка ён знойдзецца, пакуль невядома. Застаецца толькі спадзявацца, што неўзабаве кампанія, якая асвоіць участак, знойдзецца, а жыхары нарэшце пераедуць у новыя кватэры.