Вырашылася галоўная інтрыга тэлесезона

20 мая 2016

Важная падзея для тых, хто не ўяўляе свайго жыцця без тэлебачання. Галоўная інтрыга тэлесезона вырашылася літаральна некалькі хвілін таму. І вось ён, запаветны трафей "Тэлевяршыні", як гаворыцца, літаральна з колаў. І нагляднае пацвярджэнне - Гран-пры конкурсу і безумоўная перамога ў скарбонцы Белтэлерадыёкампаніі за праект "Беларусь XXI". Адзначылі Агенцтва тэленавін і за маштабную працу на выбарах Прэзідэнта - інфармацыйны канал галоўнага эфіру вяшчаў да глыбокай ночы без перапынку. Беларускія тэлепрэміі раздалі і іншым прафесіяналам галоўнага медыяхолдынга краіны.

Каму яшчэ ўсміхнулася фартуна? З Палаца Рэспублікі Вераніка Бута. Асобы беларускага тэлебачання сёння не чытаюць навіны і не здымаюць праграмы. Адзін раз на год яны апранаюць вячэрнія сукенкі і смокінгі і выходзяць на сцэну, дэманструючы іншыя свае таленты.

Але ў цэнтры ўвагі, безумоўна, іх прафесійны талент. "Тэлевяршыня" - гэта падвядзенне вынікаў працы за год і імпульс рухацца далей. Канкурэнцыя з года ў год узрастае.

Вага статуэткі - паўтара кілаграма, вышыня - 39 сантыметраў, сімвал з бронзы ўпрыгожвае штучны брыльянт. 25 узнагарод сёння знайшлі сваіх гаспадароў. Кожная з іх - паказчык прызнання і прафесійнага майстэрства тых, хто стварае тэлебачанне.

"Буйным планам" - праект АТН - лепшая грамадска-палітычная праграма па выніках мінулага года. У гасцях у намесніка старшыні Белтэлерадыёкампаніі Марата Маркава пабывалі дзясяткі чыноўнікаў, палітыкаў, бізнесменаў, дзеячаў культуры і выбітных спартсменаў.

Адзначылі Агенцтва тэленавін за працу на выбарах Прэзідэнта. 11 кастрычніка мінулага года "Навіны" выходзілі ў эфір кожную гадзіну. Вечарам і да глыбокай ночы перахапіў эстафету вялікі інфармацыйны канал "Галоўнага эфіру" - "Выбары 2015" - гэта 8 гадзін эфіру прамога.

Для асвятлення ходу выбараў распрацавалі і спецыяльны дызайн студыі. Сёння за афармленне - плюс адна статуэтка ў скарбонку. Лепшымі ж вядучымі прызнаны адны з самых вопытных журналістаў тэлеканала "Беларусь 1" Алена Насачова і Дзмітрый Бачкоў. У рэжысуры не было роўных Ільі Крэўчыку.

Галоўны ж тэлевізійны "Оскар", Гран-пры конкурсу, і безумоўная перамога - у каманды Агенцтва тэленавін за праект "Беларусь XXI". У серыяле аўтары распавялі аб станаўленні незалежнай беларускай дзяржавы, аб той амаль безнадзейнасці, з якой давялося стартаваць 2 дзясяткі гадоў таму, аб цяжкасцях, шляхах іх пераадолення і поспехах.