Размаўляць на роднай мове з самага маленства

6 октября 2014
У Мінску адкрыліся курсы беларускай мовы для дзяцей. Групы па 5-10 чалавек падзеленыя па ўзросце. Асноўны акцэнт - на лексіцы. Заснавальнікі курсаў распрацавалі арыгінальную методыку. На занятках па-беларуску пабывала Наталля Кузьміцкая.

Вольга Парэцкая - настаўніца беларускай мовы і літаратуры. З маленства вырашыла прывіваць любоў да роднай мовы і сваёй дачцэ. Разам з маленькай Соф'яй яны прыйшлі на беларускамоўныя курсы.
На моўныя курсы ўжо запісана 19 дзяцей. Працуюць дзве групы, падзеленыя па ўзросце ад 5-ці з паловай да 8 і з 9 да 12 год. Заняткі доўжацца больш за 2 гадзіны, у групе для самых маленькіх два перапынкі.
Каб навучальны працэс ішоў хутчэй і больш цікава, на курсах дзеці не толькі пішуць і размаўляюць па-беларуску. На роднай мове падчас заняткаў яны гуляюць і нават спяваюць.
Асноўны акцэнт - на лексіцы. Кожны занятак праходзіць у гульнявой форме. Дзеці вывучаюць не толькі новыя словы, праз казкі і паданні знаёмяцца з гісторыяй Беларусі.
Гэта амаль адзіныя беларускамоўныя курсы ў горадзе, куды прымаюць такіх маленькіх. Заняткі разлічаныя на 8 месяцаў, іх заснавальнікі гарантуюць, што пасля іх дзіця будзе ведаць не толькі ўсім знаёмыя вітаю і калі ласка.