Разлад у пасёлку Заслонава Лепельскага раёна

29 сентября 2016

Нядаўна тут з'явілася новая дарога, але камфорту жыхарам яна не прынесла. Пракладзена дарога стыхійна, ды яшчэ і танкамі. Паводле слоў відавочцаў, машыны мясцовай воінскай часці перамяшчаюцца побач з жылымі дамамі, прычым у непасрэднай блізкасці з дзіцячымі пляцоўкамі. У выніку пешаходныя дарожкі разбітыя, а газон нагадвае франтавую каляіну. Ці так гэта на справе, як мясцовыя ўлады плануюць вырашыць праблему - высвятляла Вольга Маслоўская.

Баявая машына пяхоты едзе па алеі. І гэта не памылкова пракладзены механікам-вадзіцелем маршрут, а самая кароткая дарога - ад парка воінскай часці да самой часці. Да гукаў цяжкай тэхнікі жыхары Заслонава прывыклі. Тут базіруецца механізаваная брыгада, а сам пасёлак вырас з ваеннага гарадка. Раней вайскоўцам перамяшчацца на танках па прамой – недалёка ад школ і жылых дамоў - перашкаджаў будынак клуба. Зараз яго знеслі, а на пустцы з'явілася стыхійная дарога.

На рахунку баявых машын - выламаная крышка каналізацыйнага люка. Калодзеж стаіць адкрытым. А прагулкі па алеі каля царквы не выклікаюць ніякіх станоўчых эмоцый - ямы, гразь і арматура. Жалезныя пруты, якімі ўмацоўвалі гэты ўчастак дарогі спецыяльна для шматтонных БМП, тырчаць з зямлі.

Баявыя машыны пяхоты, танкі, цягачы. Вучням гэтай школы і на парад хадзіць не трэба - якой толькі тэхнікі пад акном не ўбачыш. А вось рэгуліроўшчыка, які б суправаджаў ваенныя машыны і гарантаваў бяспеку пешаходаў (усё ж населены пункт) мясцовыя жыхары не бачылі ні разу.

У сельскім савеце аб праблеме ведаюць, але лічаць яе надуманай.

Жыхары Заслонава звярталіся да камандавання воінскай часці, але пакуль маршрут тэхнікі застаўся ранейшым. Ад зносін з нашай здымачнай групай вайскоўцы адмовіліся - нават да КПП не выйшлі. Праз агароджу добра бачна: воінская часць цалкам можа прэтэндаваць на званне лепшай па добраўпарадкаванні. Але пытанне, чаму на тэрыторыі пасёлка ідэальны парадак не абавязковы, пакуль застаецца адкрытым.