Разгляд па здарэнні ў школе аграгарадка Рацічы працягваецца

15 февраля 2016

Падчас экспертыз атрутных рэчываў не выяўлена.

Спецыялісты Дзяржкамітэта судовых экспертыз правялі комплекс даследаванняў біяматэрыялу. Прыкмет наяўнасці такіх цяжкіх металаў, як цынк, свінец, мыш'як, і фармальдэгідаў, а таксама іншых атрутных рэчываў не выяўлена. Зараз у лабараторыях вядуцца работы па выяўленні іншых таксічных злучэнняў, у тым ліку ртуці. Пакуль ідзе следства, дзеці вучацца ў суседняй школе ў Сапоцкіне.

Таццяна Аксаміт, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Гродзенскага райвыканкама: "Арганізаваны адукацыйны працэс для ўсіх навучэнцаў школы. Арганізаванае харчаванне, знаходжанне ў групе падоўжанага дня, заняткі праводзяцца ўсе ў першую змену".

Нагадаем, 42 школьнікі 11 лютага паступілі ў Гродзенскую абласную дзіцячую бальніцу з сімптомамі атручвання нявызначаным рэчывам. Для кансультацыі туды выехалі спецыялісты з Мінска. На месцы надзвычайнага здарэння працавалі супрацоўнікі МНС, газавая служба, міліцыя і Следчы камітэт. Узбуджаная крымінальная справа па факце халатнасці. Зараз ідзе праверка ўзятых з месца здарэння пробаў.