Расследаванне стратэгічнай важнасці

18 мая 2015

Былы сакрэтны аб'ект недалёка ад Пастаў літаральна расцягнулі па частках.

Купалы шахт разбураныя, на тэрыторыі груды бетонных абломкаў. Знаходзіцца тут стала вельмі небяспечна. Праверку праводзілі барацьбіты з эканамічнымі злачынствамі і Камітэт дзяржкантролю. Вядома, што за гэтым стаіць прыватная фірма. Дырэктар сам прапанаваў дэманціраваць старыя ваенныя аб'екты, аднак, як высветлілася пазней, з выгаднай мэтай - дастаць з канструкцый чорны метал. Пра што маўчаць закінутыя шахты, спрабавала разабрацца Аляксандра Штамплеўская.

Калі адсюль назаўжды павезлі ракеты, для былых сакрэтных аб'ектаў пачалося жыццё цывільнае. У ангарах пад Лідай, напрыклад, вырошчваюць вёшанкі. На базе пад Маларытай гуляюць у страйкбол. Аб'ект Цяшэлава ў Пастаўскім раёне пакуль стаў толькі часткай гульняў з законам.

Сяргей Лісянкоў, начальнік упраўлення Камітэта дзяржкантролю Віцебскай вобласці: "Уся гэтая шахта была абліцаваная чорным металам таўшчынёй паўтара-два сантыметры".

Так пускавыя шахты выглядалі ўсяго некалькі гадоў таму. Так зараз. Ахоўныя купалы разбураныя, замест іх затопленыя вадой 40-метровыя правалы. Відавочна, што тут папрацавалі не радавыя металісты. Амаль год аператыўнікі службы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі вялі сваё расследаванне. Аказалася, што на месцы працавала прыватная фірма. Прадпрыемства само выйшла на мясцовую ўладу і прапанавала дэманціраваць старыя аб'екты, іх у раёне хапае.

Павел Райчонак, дырэктар УКБ Пастаўскага раёна: "Сказалі, што ёсць магчымасць набыцця імпартнага ўнікальнага абсталявання, якое можа перапрацоўваць жалезабетон у другасную сыравіну са старых аб'ектаў, што не выкарыстоўваюцца, і выкарыстоўваць гэтыя адходы для добраўпарадкавання дарог, металалом здаваць".

Адно але. Каб пачаць работы, фірме трэба было купіць у крэдыт спецыяльны экскаватар. Для гэтага банк патрабаваў даць гарантыі таго, што ў прадпрыемства будуць заказы і яно зможа расплаціцца па крэдыце. Таму ў абход усіх нормаў з фірмай заключылі дагавор падраду.

Павел Станюш, намеснік начальніка райвыканкама Пастаўскага раёна: "Сёння ў нас у бударганізацый набыць такую тэхніку няма магчымасці. Размова была такой, што ён набывае тэхніку, камплектуецца, і мы потым вызначаем, якія аб'екты, робім усе дакументы, афармляем і працуем. А гэты дагавор, які быў падпісаны ў адзіным экзэмпляры, толькі для таго, каб пацвердзіць, што ёсць аб'ём работ".

Дагавор заключылі адразу на 14 мільярдаў рублёў. Пры гэтым не было ні дазволу райвыканкама, ні праекта, ні іншых неабходных дакументаў. Усё гэта збіраліся аформіць потым.

Сяргей Лісянкоў, начальнік упраўлення Камітэта дзяржкантролю Віцебскай вобласці: "Сам працэс падпісання дагавора адбыўся згодна з вусным распараджэннем службовых асоб, афіцыйнага рашэння наконт заключэння дагавора не было. У гэтым як раз угледжваецца асноўнае парушэнне заканадаўства".

Дакументы падпісалі ў кастрычніку 2012-га. Пасля гэтага, здаецца, ніхто з адміністрацыі не сачыў за планамі прыватнай фірмы. Між тым адзінай мэтай камерсантаў была як раз здабыча металу.

Тры купалы рабочыя разбурылі цалкам. Чацвёрты не паспелі. На той час прадпрыемствам ужо пачалі цікавіцца праваахоўнікі. Было гэта паўтара года таму. Але дагэтуль на тэрыторыі знаходзім сляды прысутнасці чалавека.

Свежыя лесвіцы, абрэзкі канструкцый. Магчыма, што хтосьці і зараз працягвае вывозіць рэшткі металу. Але гэта ўжо дробязі. Лічыцца, што на здачы лому дырэктар фірмы зарабіў 760 мільёнаў рублёў. Ні частка ад сумы, ні бетонавая крошка на рахункі раёна так і не паступіла. Аднак галоўныя траты толькі пачынаюцца. Зараз тэрыторыя базы стала вельмі небяспечнай. Неабходна зноў закрываць шахты і прыводзіць тэрыторыю ў парадак. Колькі мільярдаў рублёў пойдзе на аднаўленне, падлічыць пакуль ніхто не бярэцца.