Тэхнічныя навінкі 2017 года

31 декабря 2017

Калос з палёў - механічны атлет вытворчасці Гомсельмаша. Ідзе амаль без страт, а стальныя мышцы камбайна КЗС 16-24-1 - 530 конскіх сіл: больш, чым у імпартных канкурэнтаў. Кошт жа, наадварот, да трох разоў ніжэйшы. Не завагаўся механічны гігант і на прэзідэнцкім полі. Пры гэтым інжынеры прадпрыемства ўпэўненыя: гатовыя асвоіць і новую вышыню.

Гэта, напэўна, адна з найважнейшых машын для беларусаў - камбайн. Дзякуючы яму на стале з'яўляецца хлеб. Менавіта ў гэтай кабіне я працаваў цэлы дзень - упершыню сёлета далучыўся да ўборачнай і нават намалаціў 5 з паловай тон збожжа. Але ўзімку праца ў камбайнераў не заканчваецца, а перамяшчаецца з палёў у рамонтныя боксы.

Але, акрамя праверанай гадамі тэхнікі, сёлета з'явіліся і машыны пакалення next.

Мінск будзе заязджаць у новы год адразу на 20 новых электробусах. Зараджаюцца за 5 хвілін. Вельмі зручна.

Алег Быцько, дырэктар НТПЦ "Белкамунмаш", галоўны канструктар: "Электробус праходзіць доследную эксплуатацыю ў Піцеры, раней быў у Маскве. Масква аб'явіць хутка тэндар на 300 электробусаў. Таксама будзе пастаўляць іх у Тэгеран, Індыя цікавіцца. Досвед эксплуатацыі паказаў, што гэта вельмі выгаднае ўкараненне. У наступным годзе ў Мінску іх з'явіцца яшчэ 60".

І яшчэ адзін бонус для пасажыраў - разетка для зарадкі тэлефонаў.

Акрамя таго, у 2017 у Беларусі з'явіўся і транспарт, які можа набрацца сіл ад звычайнай разеткі.

Сэрца электрамабіля створана ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Аляксандр Бялевіч, дырэктар навукова-інжынернага цэнтра Аб'яднанага інстытута машынабудавання НАН Беларусі: "Калі па-простаму, то ўсе мы ў дзяцінстве гулялі з двума магнітамі, якія адштурхваюцца адзін ад аднаго. Вось тут той жа прынцып, толькі замест аднаго магніта электракатушка, якая стварае магнітнае поле і круціць ротар. Зараз галоўная задача - сабраць сваю батарэю. Для Беларусі гэта будзе кардынальна новы прадукт".

Беларускаму аўто на батарэйках яшчэ трэба будзе здабыць пастаянную стальную абалонку - зараз навукоўцы падбіраюць кузаў для серыйнай мадэлі. Сабраць такі змогуць на новым заводзе "БелДжы". Тым больш што кітайскія партнёры падобную вытворчасць ужо наладзілі - на адкрыцці завода беларускаму лідару падарылі электракар уласнай вытворчасці.

Табун конскіх сіл беларускаму машынабудаванню дадасць і сам завод - менавіта ў 2017-м тут упершыню адчуў пад коламі роўны асфальт першы айчынны кросовер "Джылі-Атлас".

Пакуль рабатызаваныя лініі змогуць збіраць парадку 60 тысяч аўтамабіляў за год. Калі ж рухавік вытворчасці прагрэецца і набярэ абароты, лічба ўзрасце ўдвая. Народны аўтамабіль ужо перайшоў у ранг міжнароднага - тысячы заказаў паступілі з Расіі. Акрамя таго, "Атлас" стаў і галоўным чароўным дыліжансам для вядучых навагодняга "Галоўнага эфіру".

У 2017 годзе такі транспарт ужо перастаў быць цудам для Беларусі. А ў новы год хочацца ўсё-такі чагосьці чароўнага. Таму заязджаць у новы 2018 год я буду вось на экалагічна чыстым відзе транспарту, запрэжаным чароўнымі сімваламі новага года.