Расплаціцца за праезд у прыгарадных аўтобусах можна бескантактавай смарт-карткай

1 апреля 2015

Карыстацца сталічным прыгарадным аўтатранспартам стане больш зручна. З сённяшняга дня, акрамя звычайных білетаў, расплаціцца можна і бескантактавай смарт-карткай. Прынцып аплаты, як і тарыфы, ранейшыя - за рэальны кіламетраж, аднак з'явяцца і бонусы. У чым выгада выкарыстання смарт-карткі? Ведае Аляксей Кандраценка.

З сённяшняга дня ў вось такой бескантактавай смарт-карткі, да якой ужо многія паспелі прывыкнуць, дадаецца новая функцыя. Яе можна выкарыстоўваць для паездак на дачу ці вёску ў прыгарадных аўтобусах.

Першае, папаўняем картку тарыфнымі адзінкамі. Гэта значыць яе баланс павінен быць у плюсе. Гэта робіцца на аўтавакзалах і аўтастанцыях, а таксама ў кіёсках Мінсктранса. Далей - пры ўваходзе ў прыгарадны аўтобус картку неабходна прыкласці да валідатара. Такім чынам аўтобус на прыпынках запаўняецца хутчэй: не трэба звяртацца па білет да вадзіцеля. Аплата лічыцца за рэальны кіламетраж. Галоўнае памятаць - дакладны разлік за канкрэтную адлегласць таксама зафіксуе валідатар. Пры выхадзе да яго таксама трэба прыкласці картку.

Больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць у саміх кіёсках Мінсктранса. Там ёсць спецыяльныя бясплатныя памяткі.

Як адзначаюць транспартнікі, калі такая сістэма паспяхова сябе зарэкамендуе на прыгарадных маршрутах аўтобусаў, яе могуць укараніць і на звычайным гарадскім транспарце.