Праца парламентарыяў Беларусі і Расіі - падмурак для пашырэння дыялога

5 марта 2020
Пра міжпарламенцкае супрацоўніцтва з расійскай дэлегацыяй сёння гаварылі ў Савеце Рэспублікі, дзе спікеры сенатаў дзвюх краін Наталля Качанава і Валянціна Мацвіенка спачатку пагутарылі сам-насам, а затым далучыліся да дэлегацый. Старшыня Савета Рэспублікі засведчыла, што беларускія дэпутаты і сенатары адкрытыя да супрацоўніцтва з калегамі ва ўсіх кірунках. Кіраўнік верхняй палаты парламента Расіі ўпэўненая, што неабходна пашыраць менавіта раўнапраўнае супрацоўніцтва. Паводле слоў Валянціны Мацвіенкі, адказнасць цяперашняга пакалення палітыкаў - захаваць і зберагчы ўсё каштоўнае, што злучае братэрскія народы. 

Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі збярэ больш як 500 удзельнікаў

Агульная гісторыя, а менавіта тэма 75-годдзя Вялікай Перамогі стане ключавой на VII Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі ўвосень. Чакаецца, што ён збярэ больш як 500 удзельнікаў. Сёння адбылося першае пасяджэнне па падрыхтоўцы да яго правядзення. 

Наталля Качанава, Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі: "Важнай часткай праграмы стане дзелавы парадак дня: беларускія і расійскія бізнес-колы абмяркуюць перспектывы ўзаемадзеяння і новыя сумесныя праекты. Будуць падпісаныя пагадненні аб супрацоўніцтве і камерцыйныя кантракты. Падчас перамоў была пацверджаная непахіснасць сяброўства і стратэгічных адносін Расіі і Беларусі".

Валянціна Мацвіенка, Старшыня Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі: "Мы заўсёды з асаблівымі цёплымі пачуццямі прыязджаем у вашу выдатную краіну. Дэлегацыя Савета Федэрацыі вельмі прадстаўнічая - гэта пацвярджае наш намер, нашу зацікаўленасць паглыбляць і пашыраць наша міжпарламенцкае ўзаемадзеянне. У шматлікіх пытаннях у нас супадае меркаванне, у прыватнасці, у неабходнасці пашыраць супрацоўніцтва ў сферы адукацыі, культуры, у далейшым здымаць любыя бар'еры для вольнага наведвання нашымі грамадзянамі Беларусі і Расіі".

Духоўная супольнасць народаў прайшла выпрабаванне часам

Валянціна Мацвіенка пакінула запіс у кнізе ганаровых гасцей, а размова пра тое, наколькі важна захаваць і абараніць гістарычную памяць, працягнулася ў Палаце прадстаўнікоў. Спікер Уладзімір Андрэйчанка запрасіў гасцей далучыцца да парламенцкіх слуханняў у пачатку красавіка, якія будуць прысвечаныя Вялікай Перамозе. А заўтра госці плануюць наведаць мемарыяльны комплекс "Брэсцкая крэпасць - герой", дзе сустрэнуцца з ветэранамі.