Праца на месцах са зваротамі грамадзян не заўсёды заслугоўвае станоўчай адзнакі

24 января 2013
Людзям дагэтуль даводзіцца звяртацца ў вышэйшыя інстанцыі, каб іх праблемы пачулі. У Крычаве ў мікрараёне Сож жыхары некалькі дзясяткаў гадоў заставаліся без цэнтралізаванай падачы гарачай вады. Толькі пасля гутаркі з кіраўніком вобласці праблема гарачай вады ў дамах вырашылася.
Першыя шматкватэрныя дамы ў гэтым мікрараёне былі пабудаваныя яшчэ ў 60-х мінулага стагоддзя. Зразумела, ні пра якое цэнтралізаванае гарачае водазабеспячэнне гутаркі не ішло. Тады галоўнае было як мага хутчэй забяспечыць рабочых цэментнашыфернага завода жыллём. Прыстасоўваліся як маглі.
Колькі той зімы, - падумалі мясцовыя жыхары і сталі ўзбройвацца газавымі калонкамі. Але тут узнікла пытанне бяспекі. Да таго ж пачаліся праблемы і з якасцю вады.
Звароты ў мясцовую ЖКГ і да кіраўніцтва раёна вынікаў не далі. Жыхары 18 шматкватэрных дамоў былі вымушаныя ісці на прыём да старшыні аблвыканкама. Толькі тады над праблемай пачалі працаваць. На замену сістэм водазабеспячэння было вылучана 10 мільярдаў рублёў.
Сёлета праблемныя дамы плануюць уцяпліць, абнавіць дах, памяняць электраправодку. Гэтымі пытаннямі зараз займаецца новы, больш спрытны старшыня райвыканкама. Экс-кіраўніку не хапіла некалькіх гадоў, каб самому разабрацца з сітуацыяй. І такія моманты не адзінкавыя. Часта людзі вымушаныя выносіць свае праблемы на ўзровень, які не адпавядае іх характару.