Рабочыя прафесіі, запатрабаваныя ў школьнікаў

25 февраля 2020
Інтэрактыўныя сельскагаспадарчыя машыны, уласны швейны цэх і цырульня. Прыкладна з такой тэхнічнай базай  навучэнцы каледжаў і ліцэяў атрымліваюць прафесію альбо спецыяльнасць. Па выніках працы за мінулы год, лепшымі ў вобласці сталі каледжы ў Барысаве і Салігорску, а таксама ліцэй у Смілавічах. Там навучэнцы ўдала сумяшчаюць тэорыю з практыкай і нават  могуць акунуцца ў рэальныя працоўныя будні. Дзе можна атрымаць адразу дзве прафесіі - у сюжэце Наталлі Кезік.

За рулём экскаватара віртуальнага трэніраваць уменне рэальнае. Навучэнец другога курса ліцэя ў Смілавічах Кірыл Грыбко за рулём сельгасмашыны бывае некалькі разоў на тыдзень. На выбар будучым работнікам АПК – збожжаўборачны камбайн, бульдозер, трактар і нават франтальны пагрузчык. 

Майстар-класы ў сучасным рэсурсным цэнтры для навучэнцаў праходзяць штодзень. На кожнай машыне тут свае агратэхнічныя заданні рознага ўзроўню складанасці. У Смілавіцкім ліцэі прафесію сёння атрымліваюць 400 навучэнцаў. Перавагу аддаюць сельскагаспадарчым і тэхнічным спецыяльнасцям. 

Але акрамя тэхнічных дысцыплін у навучэнцаў ліцэя ёсць магчымасць праявіць і творчасць. Ствараюць тут жывёл з машынных запчастак, а летам абавязкова адпраўляюцца ў паходы і водныя сплавы. За дзесяць гадоў навучэнцы склалі сваю карту вандровак па Беларусі. 

А ў Барысаўскім дзяржаўным каледжы атрымаць адукацыю могуць адразу па дзвюх ступенях – прафесійна-тэхнічнай і сярэдне-спецыяльнай. Самыя запатрабаваныя прафесіі сёння тут трактарыст, повар, швачка, выхавацель і настаўнік пачатковых класаў.  Для швачак у каледжы,  напрыклад, стварылі паўнацэнны працоўны цэх з сучаснымі машынамі і выбарам тканін. Тут дзяўчаты шыюць спецадзенне для навучэнцаў свайго каледжа, абрусы, сурвэткі, пасцельную бялізну. 

Такім чынам дзве прафесіі паспела атрымаць Паліна Шкрабко. Зараз вучаніца трэцяга курса ўмела кіруе швейнай машынкай. Гэтак жа дзяўчына арудуе і цырульніцкімі нажніцамі. Па заканчэнні каледжа Паліна атрымае дыплом па дзвюх кваліфікацыях. Сёння ў Барысаўскім каледжы адукацыю па 45 кваліфікацыях атрымліваюць без малога дзве тысячы навучэнцаў. Большасць – з іншых гарадоў. Месцам у інтэрнаце іх забяспечваюць на сто працэнтаў.