Працоўныя атрады Мінскай вобласці працягваюць набор студэнтаў

6 июля 2016

Сэрвісныя, педагагічныя, будаўнічыя, сельскагаспадарчыя – занятак на лета прапаноўваюць 270 студатрадаў. Усяго сёлета ў Мінскай вобласці на лета працаўладкаваліся пяць тысяч маладых людзей. Надзея Сербіненка – з падрабязнасцямі.

Дзевяцікласніца Азярцоўскай школы Марыя запісалася ў сельскагаспадарчы атрад адной з першых. Працаваць на клубнічнай плантацыі дзяўчыне даспадобы.

За працоўны дзень - а ён у школьнікаў доўжыцца чатыры гадзіны – атрад «Алімпік» збірае тону свежых садовых суніц. Для агракамбіната, які не першы год прымае на працу старшакласнікаў, гэта адчувальная дапамога ў перыяд збору ўраджаю.

Усяго ў Мінскай вобласці працуе больш за дзвесце пяцьдзясят студатрадаў - а гэта каля пяці тысяч маладых людзей. Зараз ідзе трэці – найбольш актыўны працоўны семестр.

Будаўнічыя атрады - адна з самых распаўсюджаных форм занятасці для моладзі. Тут, на будпляцоўцы ў Дзяржынску, працуе атрад "Маладосць". 18 юнакоў - будучых будаўнікоў – адточваюць свае практычныя навыкі.

Навучэнцы абласнога аграрна-тэхнічнага ліцэя трапілі ў студатрад "Маладосць" не выпадкова. Укладваць цэглу, тынкаваць сцены яны вучацца на занятках. Дадатковую практыку атрымліваюць непасрэдна на аб'екце. Добрая матывацыя для моладзі – і дадатковы заробак.

Галоўным каардынатарам у працаўладкаванні моладзі выступае Саюз моладзі. У кожным раёне Мінскай вобласці створаны штаб студатрадаўскага руху, куды старшакласнікі і студэнты могуць звярнуцца. У спісе аб'ектаў для працы – другая кальцавая дарога, нацыянальны аэрапорт, Кітайска-беларускі індустрыяльны парк.