Пяць тысяч першакурснікаў БДУ прыйшлі на свята "Віват, студэнт!"

4 сентября 2018

А для тых, хто ўжо вызначыўся, пачынаецца новая, дарослая частка жыцця. Пяць тысяч першакурснікаў Белдзяржуніверсітэта прыйшлі адзначыць гэтую падзею на свята "Віват, студэнт!" БДУ сустрэў студэнтаў праграмай лазернага шоу, парадам дэканаў і канцэртам з удзелам знакамітых беларускіх артыстаў.

Падрабязней - Наталля Кузьміцкая. Незвычайная лінейка для першакурснікаў БДУ – пляцоўка нефармальнага знаёмства з універсітэтам. У Дзень ведаў так гучна ВНУ сустракае новых студэнтаў больш за 20 гадоў.

Варыянта не паступіць у Анастасіі Жаўнерык наогул не было. Максімальныя 400 балаў сталі жаданай пуцёўкай у ВНУ, зараз новая мэта - стаць дыпламатам.

Акрамя навукі, БДУ жыве культурай і спортам. Напрыклад, з Творчым саюзам трапляеш на сцэну, пабыць журналістам можна на Студэнцкім тэлебачанні, а запусціць крэатыўны праект дапаможа Студэнцкі саюз.

Клятва першакурснікаў, напэўна, самая таямнічая і хвалюючая частка свята. А каб пацвердзіць званне студэнта, моладзь атрымлівае пасведчанне – сімвалічны студэнцкі білет.

Упершыню ў гісторыі вышэйшай адукацыі ў нашай краіне студэнцкія білеты сумясцілі з банкаўскай карткай. Электроннае пасведчанне можна выкарыстоўваць у якасці пропуску і чытацкага білета, а яшчэ расплачвацца ў крамах і метро. Хутка іх атрымаюць першакурснікі і магістранты.