Пяць кіламетраў трушком штодня, нягледзячы на ўзрост

10 мая 2014

Сакрэт здароўя і маладосці 75-гадовай жыхаркі Маладзечна Ларысы Пятрэнкі даволі просты - прабежкі ў парку альбо на стадыёне кожны дзень. Бегаць рэгулярна больш за 30 гадоў таму яе вымусіла жыццё - у 43 гады жанчына была інвалідам трэцяй групы. Але зараз той час успамінае як сон, працягвае працаваць і плануе атрымаць трэцюю вышэйшую адукацыю. Урок здароўя, аптымізму і даўгалецця атрымала і Наталля Кезік.


Ларыса Пятрэнка ніколі не сядзела на дыетах і не абмяжоўвала сябе ў печыве і румяных булках. І гэта не перашкодзіла ёй пахудзець на 40 кілаграмаў. У 43 гады пры росце 1 метр 60 сантыметраў яна важыла амаль 100 кілаграмаў. У дадатак - трэцяя група інваліднасці, адсутнасць працы і трое дзяцей. Скінуць вагу ўдалося з дапамогай бегу. Дзень 25 мая яна і дагэтуль лічыць другім днём нараджэння.


Праз тры месяцы знік першы кілаграм. Праз два гады - лішнія дваццаць пяць. За сем гадоў - мінус сорак. Галоўная ўмова такой спартыўнай дыеты - бегаць штодня і абавязкова павялічваць дыстанцыю хоць на 10 метраў. Зараз жанчына кожны дзень пераадольвае ад 3 да 5 кіламетраў. І ў 75 нават уявіць сабе не можа некалькі дзён без стадыёна.


У 50 яна пачала бегаць прафесійна. Ларыса Пятрэнка пераадолела 19 марафонскіх дыстанцый. Зараз, у 75, фізічныя нагрузкі прыходзіцца абмяжоўваць. Таму сярод заняткаў штодзённыя трэніроўкі і праца з дзецьмі. Для дашкольнікаў жанчына распрацавала спецыяльную праграму хадзьбы басанож. Методыка даволі асаблівая, выкладаць яе могуць толькі спецыялісты. Дзецям неабходна даваць дастатковую нагрузку, каб падчас заняткаў басанож яны не захварэлі, а наадварот толькі загартаваліся. І такая методыка прыносіць свой плён.


Акрамя працы на пенсіі, жанчына атрымала і другую вышэйшую адукацыю. Чатыры гады таму абараніла дыплом Універсітэта фізкультуры. Сярод студэнтаў яна адзіная пісала курсавыя ад рукі.


У будучыні жанчына яшчэ як мінімум плануе атрымаць адукацыю псіхолага альбо псіхіятра. І дзякуючы бегу, актыўнаму і здароваму ладу жыцця плануе далучыцца да доўгажыхароў.