Пяць дзён некалькі тысяч чалавек жывуць без гарачай вады

2 октября 2013

У жыхароў пасёлка Гатава Мінскага раёна пакуль няма ацяплення. Але гэта палова бяды. Пяць дзён некалькі тысяч чалавек жывуць без гарачай вады. Перабоі тут часта бываюць і з электрычнасцю. Чаму выгоды цывілізацыі абыходзяць бокам Гатава, і калі ж з'явіцца доўгачаканае цяпло?

Аляксей Кандраценка ледзь не змерз падчас здымак сюжэту.



Валёнкі дома ў пачатку кастрычніка для Зоі Леанідаўны - не мода, а суровая неабходнасць. Цяпло ў батарэях яшчэ не з'явілася, а гарачай вады няма ўжо некалькі дзён. Прыходзіцца кіпяціць. Інакш плюсавай тэмпературы не дачакаешся.


Перабоі з гарачай вадой не толькі ў жылых дамах, але і школах, паліклініцы.


Пасёлак Гатава - сапраўды анамальнае месца ў Мінскім раёне. Ужо які год запар тут праблемы з вода- і цеплазабеспячэннем, электрычнасцю. Тэрыторыі каля дамоў недагледжаныя. І гэта ўсяго за 7 кіламетраў ад Мінска.


У пад'ездах дома нумар 2 па вуліцы Металургічнай узімку не сагрэешся. Ад старых батарэй карысці няшмат. Праблемы і ў падвале дома. Трубы цякуць, электраправодка не пад кантролем. Дзверы ў падвал не зачыненыя.


Як зімаваць - жыхары дома зараз не ведаюць. Сцвярджальных адказаў ад камунальнікаў атрымаць не могуць. За імі ў мясцовае ўпраўленне ЖКГ адпраўляецца наша здымачная група.


Сітуацыю ў Гатаве, спадзяюцца камунальныя службы, выправіць новая кацельня. Ужо хутка плануюць яе ўвод у эксплуатацыю.


Пытанне ж аб капітальным рамонце дома, якому амаль 40 гадоў, да гэтага часу застаецца адкрытым.