Пустыя і састарэлыя будынкі ў сталіцы паступова зносяць

6 декабря 2016

Рацыянальнае выкарыстанне  гарадскіх тэрыторый. Пустыя і састарэлыя  будынкі ў сталіцы паступова зносяць, а на іх месцы ўзводзяць сучасныя шматпавярхоўкі. Да прыкладу, толькі  ў Партызанскім раёне на месцы нежылых, пакінутых дамоў  пабудуюць  140 000 квадратаў жылля. Якім пабудовам у першую чаргу выносяць вердыкт “знесці, нельга пакінуць”,  высвятляў Ян Пашкевіч.

Гэты драўляны дом па вуліцы Балтыйскай нядаўна ператварыўся ў вялікае вогнішча. Гаспадар з'ехаў некалькі гадоў таму, але пустыя пакоі хутка засялілі няпрошаныя госці. Каб грэцца, карысталіся самаробнай сістэмай ацяплення, што і прывяло да пажару.

Такія састарэлыя будынкі нярэдка ператвараюцца ў стыхійныя інтэрнаты і нават звалкі. Ратавальнікі некалькі разоў на месяц праводзяць рэвізію пакінутых дамоў - правяраюць, каб дзверы былі зачыненыя, а вокны забітыя дошкамі. У выпадку парушэння правіл пажарнай бяспекі гаспадара пакінутага будынка чакае штраф.

Знесці такія небяспечныя будынкі можна толькі з дазволу гаспадара. Напрыклад, на другім завулку Баграціёна жыхары пяці трухлявых двухпавярховак згадзіліся з'ехаць яшчэ год таму - са старых кватэр іх перасялілі ў новыя дамы. Паколькі паўвекавыя будынкі сталі непрыдатнымі для жылля, адміністрацыя раёна вынесла вердыкт - знесці, а на гэтым жа месцы пабудаваць новыя шматпавярхоўкі.  

Каб разбурыць будынак, такой магутнай тэхніцы патрэбна ўсяго некалькі гадзін. Само ж будаўнічае смецце яшчэ зможа прынесці карысць - яго адправяць на другасную перапрацоўку.

 Зараз спецыялісты займаюцца расчысткай тэрыторыі - выкопваюць старыя фундаменты і інжынерныя сеткі.

Праз год на месцы руін з'явяцца новыя алеі, магазіны і жылыя дамы. У планах адміністрацыі Партызанскага раёна добраўпарадкаваць тэрыторыю ў межах трохвугольніка: вуліца Філімонава,  Сталетава і Сляпянская водная сістэма.

Узвядзенне новых шматпавярховак на месцы  старых дамоў, баракаў, закінутых будынкаў - прыклад эфектыўнага выкарыстання зямель. У выніку на той жа плошчы новыя кватэры атрымаюць утрая больш сем’яў. Рацыянальна выкарыстоўваць гарадскія тэрыторыі імкнуцца і ў іншых раёнах сталіцы. Напрыклад, на скрыжаванні вуліцы Вільямса і Фізкультурнага завулка рыхтуюць праект абнаўлення жылой забудовы - замест састарэлых дамоў тут узвядуць 100 000 квадратаў сучаснага жылля.