Пункт пропуску "Лясная-Рудаўка" на беларуска-польскай мяжы пашырыў свае магчымасці - зараз турысты могуць вольна перасякаць тут мяжу як пешшу, так і на веласіпедзе. Аднымі з першых магчымасцю скарысталіся маршалак Падляскага ваяводства Ежы Ляшчынскі, а таксама мэр прымежнага горада Аўгустова. Разам са старшынёй Гродзенскага аблвыканкама яны адкрылі новы турыстычны маршрут. Новы фармат пункта пропуску ўжо выклікаў скок цікавасці з боку замежных гасцей: больш за 2 000 заявак атрымалі ў Гродне на бязвізавы візіт толькі на гэтыя выхадныя.
Сёння ў польскім горадзе Аўгустове бакі падпісалі рамачнае пагадненне і адобрылі дарожную карту развіцця прымежнага супрацоўніцтва паміж Гродна і Падляскім ваяводствам. Гаворка ідзе пра новыя турыстычныя і эканамічныя праекты, а таксама інвестыцыйнае супрацоўніцтва.













