Прамыя тэлефонныя лініі сёння правядуць кіраўнікі дзяржорганаў

7 июля 2018

На сувязі будуць міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Уладзімір Калтовіч, міністр замежных спраў Уладзімір Макей, міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч. Таксама на пытанні адкажа кіраўнік Мінабароны Андрэй Раўкоў, міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Худык, міністр сувязі і інфармацыі Сяргей Папкоў. Акрамя кіраўнікоў дзяржорганаў, прамыя тэлефонныя лініі правядуць іх намеснікі.

На праблемныя пытанні сёння адкажуць таксама і намеснікі старшыняў абласных, гарадскіх і раённых выканкамаў, а таксама старшыні Саветаў дэпутатаў. У сталічнай мэрыі на пытанні грамадзян адкажа першы намеснік старшыні Фёдар Рымашэўскі, а ў Мінскім аблвыканкаме - кіраўнік спраў Уладзімір Гурыновіч. Нагадаю, званкі прымаюцца да поўдня.