Прамыя тэлефонныя ліны прайшлі сёння ва ўсіх гарадах і раёнах

23 мая 2015

У топе - праблемы ЖКГ, дрэнныя дарогі, будаўніцтва важных аб'ектаў, якое зацягнулася. Тэлефонная форма зносін грамадзян з чыноўнікамі стала традыцыйнай і звыклай. Колькасць званкоў прыкметна паменшылася, і ўсё часцей замест скаргаў можна пачуць словы падзякі. У гэтым упэўнілася наш карэспандэнт Вольга Маслоўская.

Ад пыльнай гравійкі, якая пралягала па ўсёй вёсцы Малыя Ліпкі, засталіся толькі ўспаміны. Непрыемныя.

Сёння дарога ўтрамбаваная надзейным пакрыццём. Ледзь больш за тыдзень спатрэбілася, каб навесці тут парадак. І калі першы зварот жыхароў вёскі на прамую тэлефонную лінію ў Аршанскі райвыканкам можна было аднесці да разраду скаргаў, то сёння толькі словы падзякі.

За тры гадзіны ўсяго пяць званкоў. У Аршанскім выканкаме тлумачаць: прамыя лініі сталі звыклай формай працы з насельніцтвам, ажыятаж сышоў. Ды і шматлікія праблемы ўжо ўзятыя на карандаш.

Важнай падзеяй для ўсіх без выключэння аршанцаў стала завяршэнне рэканструкцыі аўтамабільнага моста. У аварыйным стане яго закрылі паўтара года таму.

200 метраў пераправы, якія эканомяць час, грошы і нервы. З адкрыццём моста праз Днепр у Оршы зніклі пробкі. І нагрузка на іншыя транспартныя артэрыі паменшылася амаль удвая.

А вось будаўніцтва іншых - не менш важных для горада аб'ектаў - зацягнулася на гады. Адна з нявырашаных праблем - літаральна пад вокнамі мясцовага выканкама. Тэрапеўтычны корпус найстарэйшай аршанскай бальніцы імя Сямашкі стаў даўгабудам.

На другім беразе Дняпра - яшчэ адзін незавершаны аб'ект. У новым мікрараёне Задняпроўе маладыя сем'і некалькі гадоў чакаюць, калі адчыніць дзверы новы дзіцячы садок.

На дэфіцыт месцаў у дзіцячых садках наракаюць і жыхары Гомеля. Як уладкаваць туды дзіця? Гэтае пытанне гучала сёння на прамой лініі ў адміністрацыі Цэнтральнага раёна.

Званок на прамую лінію для Ніны Корбан з Мінска стаў апошняй надзеяй знайсці ўправу на нявыхаваных вадзіцеляў. Яе барацьба з аматарамі пакідаць аўтамабілі на газоне нагадвае гісторыю Дон Кіхота з ветракамі. У адказ на заўвагі толькі грубіянства і абыякавасць.

У Мінскам гарвыканкаме праблему пачулі. Зараз шанцы сустрэць патруль ДАІ на несанкцыянаванай паркоўцы значна ўзраслі. Прамыя тэлефонныя лініі прайшлі сёння ва ўсіх гарадах і раёнах краіны. На месцах гавораць: неабыякавасць людзей - заклад паспяховага вырашэння шматлікіх праблем.



Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя