Прамую трансляцыю цырымоніі адкрыцця мемарыяла ў Трасцянцы будзе весці Белтэлерадыёкампанія

22 июня 2015

Сяргей Хамянтоўскі знаходзіцца ля мемарыяла ў чаканні цырымоніі адкрыцця, у яго апошнія навіны (прамое ўключэнне).

Мемарыял у Трасцянцы гатовы да афіцыйнага адкрыцця. Гэтай падзеі чакалі ў Беларусі і за мяжой доўгія дзесяцігоддзі. Усяго за год зроблена амаль немагчымае. Добраўпарадкаваная тэрыторыя, дзе ў перыяд нацысцкай акупацыі размяшчаўся канцлагер, з'явілася дарога памяці, экспазіцыя. Вянком усяго мемарыяла з'яўляецца скульптурная кампазіцыя "Брама памяці".

Задума і памеры манумента грандыёзныя. "Брама памяці" - гэта 10-метровая скульптура ў выглядзе фігур зняволеных. Яны спецыяльна зробленыя груба, нібы след ад страшнай раны, якая зажыла, але шрам застаўся назаўжды.

А яшчэ год таму тут было чыстае поле і руіны пабудоў былога канцлагера. Узвядзенне мемарыяла актыўна пачалося пасля наведвання Трасцянца Кіраўніком дзяржавы 8 чэрвеня 2014 года. Зараз памяць тысяч ахвяр генацыду, нарэшце, ушанаваная. Канцлагер Трасцянец з'яўляецца чацвёртым па колькасці знішчаных у ім людзей пасля сумна вядомых Асвенціма, Трэблінка і Майданека. На тэрыторыі Беларусі і былога СССР гэта самы буйны лагер смерці. Усяго ў Трасцянцы было забіта больш за 206 тысяч чалавек. Гэта мірныя жыхары і ваеннапалонныя з усіх краін Савецкага Саюза, а таксама грамадзяне Аўстрыі, Германіі, Чэхаславакіі і Польшчы. Паралельна з будаўніцтвам мемарыяла ў Трасцянцы ішла навуковая работа. Археолагі з Інстытута гісторыі праводзілі на тэрыторыі былога канцлагера раскопкі і выявілі шмат артэфактаў, якія праліваюць святло на тое, што адбывалася ў Трасцянцы ў перыяд акупацыі. Наогул гэтае месца на ўскраіне Мінска вельмі памятнае і звязана яно не толькі з Другой сусветнай вайной, але і халакостам, таму Трасцянец адыгрывае такую вялікую ролю не толькі для Беларусі, але і для ўсёй Еўропы.

З пачатку стварэння мемарыяльнага комплексу "Трасцянец" гэты праект быў на асабістым кантролі Кіраўніка дзяржавы. Менш чым праз гадзіну Аляксандр Лукашэнка прыедзе сюды, на вуліцу Сяліцкага, каб адкрыць мемарыял і азнаёміцца з яго экспазіцыяй. Тут ужо сабраліся тысячы мінчан, гасцей сталіцы з блізкага і далёкага замежжа, каб разам з Прэзідэнтам пакланіцца зямлі, у якой попел тысяч людзей, спаленых нацыстамі. Як сказаў год таму Аляксандр Лукашэнка, мемарыял "Трасцянец" павінен стаць аб'ектам агульнаеўрапейскага значэння.