Прамое ўключэнне з плошчы Перамогі

9 мая 2017

Увесь дзень сёння напоўнены ўрачыстасцямі і віншаваннямі. Завершыць 9 Мая маштабны канцэрт пад адкрытым небам. Музычны падарунак будзе чакаць мінчан і гасцей сталіцы ў самым сэрцы горада - на плошчы Перамогі. І гэта вельмі сімвалічна. Бо абеліск і Вечны агонь, размешчаныя ў гэтым велічным архітэктурным ансамблі, захоўваюць памяць аб мужнасці нашых дзядоў і прадзедаў, штодня нагадваюць нам аб подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Зараз на плошчы Перамогі працуе наша здымачная група. На сувязі карэспандэнт Іна Пілевіч (прамое ўключэнне).

Добры вечар. У гэтыя хвіліны тут, у самым сэрцы горада-героя Мінска, збіраюцца тысячы беларусаў. Велічны манумент Перамогі сёння выглядае асабліва ўрачыста. У такі знамянальны дзень галоўны беларускі праспект часткова стаў пешаходным і вітае пышным убраннем. Флагі, расцяжкі, плакаты ствараюць святочную атмасферу і на сумежных вуліцах.

Сама ж плошча Перамогі зараз больш нагадвае сцэнічную пляцоўку пад адкрытым небам. Менш як праз паўгадзіны тут пачнецца тэатралізаваны канцэрт. Памосты для Прэзідэнцкага аркестра размешчаны справа ад Вечнага агню. А ля абеліска ўсталяваны экраны высокай дакладнасці, каб у гледачоў была магчымасць бачыць артыстаў нават на вялікай адлегласці.

Урачыстасць абяцае быць сапраўды маштабнай. У мерапрыемстве задзейнічаны 850 чалавек. Мінчан і гасцей сталіцы чакае прыемны сюрпрыз. Упершыню ў Дзень Вялікай Перамогі - маляўнічае 3D-шоу. Яно будзе ўяўляць сабой мапінг-праекцыю з ключавымі момантамі Вялікай Айчыннай - ад абароны Брэсцкай крэпасці да вызвалення Мінска, якія пакажуць на будынках адразу за манументам Перамогі.

Таксама сёння вечарам прагучаць такія легендарныя песні вайны, як "На безыменнай вышыні", "Цёмная ноч", "Адзінокая блукае гармонь", "Я люблю цябе, жыццё". Вядомыя і любімыя шматлікімі пакаленнямі кампазіцыі выканаюць ансамбль "Верасы", аркестр Узброеных Сіл, салісты Вялікага тэатра Беларусі і шматлікія іншыя.

І зараз да нас далучылася ўдзельніца канцэрта, народная артыстка Беларусі Анастасія Масквіна.

Дарэчы, стаць гледачом канцэрта можна не выходзячы з дома. Белтэлерадыёкампанія будзе весці трансляцыю ў рэжыме рэальнага часу. Каманда галоўнага медыяхолдынга краіны ўжо працуе тут і гатовая выйсці ў прамы эфір. Пачатак трансляцыі на тэлеканале "Беларусь 1" у 21:30.

Дадам, што святочны канцэрт зусім не фінальны акорд свята. Кульмінацыяй урачыстасці стане салют. Рознакаляровая феерыя расфарбуе неба над Мінскам роўна ў 11 гадзін вечара і прадоўжыцца каля 10 хвілін. Арганізатары паведамілі, што залпы зробяць з пяці пунктаў горада і раёна. Лепшыя пляцоўкі для прагляду салюту па традыцыі ў цэнтры горада.