Прамая трансляцыя парада войскаў Мінскага гарнізона пачнецца ў 10.00

3 июля 2016

А вось наш карэспандэнт Аляксандр Смірноў зараз знаходзіцца побач з гонарам абаронна-прамысловага комплексу - рэактыўнай сістэмай залпавага агню вялікай далёкасці "Паланез". Гэтая тэхніка ўпершыню возьме ўдзел у парадзе! Аляксандр настолькі пранікнуўся дасягненнямі беларускіх вайскоўцаў, вывучыў усе перавагі сістэмы, што менавіта яму зноў далі магчымасць адчуць усю моц комплексу і праверыць яе гатоўнасць да ўрачыстасці (прамое ўключэнне).

Дзякуй, са святам! Да парада ўсё гатова. Тэхніка расстаўленая па месцах, механікі за рулём, камандзіры на пасту. Гаворачы ваеннай мовай, абвешчана гатоўнасць нумар адзін. Хоць у нас - тэлевізіёншыкаў - таксама. Мы зараз знаходзімся прыкладна ў сярэдзіне калоны, можна сказаць, у яе сэрцы. Там - у авангардзе - рэтратэхніка, з яе традыцыйна пачынаецца механізаваная частка парада. Далей калона расцягнулася на 1250 метраў . Замыкае зенітны ракетны комплекс "С-300ПС".

У калоне традыцыйна пройдуць танкі часоў Вялікай Айчыннай вайны, "кацюшы", бронетранспарцёры, ракетныя комплексы, аўтамабілі "Волат" - гэта больш як 130 адзінак тэхнікі, 14 парадных разлікаў - пералічыць усё не хопіць эфірнага часу. Але сёе-тое абысці асобнай увагай немагчыма.

Вось гэта сістэма залпавага агню "Паланез". Зараз я літаральна магу дакрануцца да ваеннай таямніцы рукой, а да нядаўняга часу "Паланез" быў сакрэтнай зброяй. Гэта наша айчынная распрацоўка.

Напярэдадні яе магчымасці праверылі на роднай зямлі. Такім чынам фактычна завяршылася частка палявых выпрабаванняў перад тым, як сістэма паступіць на ўзбраенне Беларускай арміі. Я нагадаю, былі зробленыя пускі ракет на максімальную адлегласць - 200 км. Паколькі такіх маштабных палігонаў у нас няма, прыйшлося выпрабаванні праводзіць у густанаселеных раёнах - настолькі вытворцы былі ўпэўненыя ў надзейнасці сістэмы, папярэднія выпрабаванні якой прайшлі і ў Кітаі. Ракеты прайшлі праз тры вобласці - Гомельскую, Мінскую і Брэсцкую. Дапушчальная хібнасць у такіх умовах 30 метраў, але адна боегалоўка легла ў 15, а іншая - у паўтары метрах ад мэты. Снайперская дакладнасць. Гэта было добра відаць на кадрах, знятых спецыяльна ўсталяванай камерай каля зон паражэння. Кіраўнік дзяржавы даў высокую ацэнку айчыннай распрацоўцы і даў даручэнне ўзнагародзіць распрацоўшчыкаў. Дабавім, "Паланез" здольны паражаць адначасова 8 мішэняў. Вельмі мабільны, хуткасны, хуткастрэльны - перазарадка да 20 хвілін. Адным словам, канкурэнтаў у беларускай ракетнай сістэмы залпавага агню няма. Гэта можна канстатаваць з гонарам. Адзначым, што гэта не зброя нападу, а сродак абароны. Гэта вельмі важны момант. Беларусь не выяўляе агрэсію ні да адной дзяржавы свету, але пры неабходнасці будзе абараняцца вельмі эфектыўна.

На праспекце Пераможцаў зараз, пэўна, самы напружаны момант - момант чакання. Менш чым праз гадзіну прагучыць каманда "Паехалі!", і тады пачнецца самая відовішчная частка паказу - свята, якое падарыў нам наш Дзень Незалежнасці.