Прайсці мяжу хутчэй зараз змогуць пасажыры Нацыянальнага аэрапорта краіны

31 июля 2015

У зоне адлёту аэравакзала ўсталяваная новая сістэма - так званы разумны кіёск. Ён счытвае дадзеныя з пашпарта і аўтаматычна вызначае, ці можа чалавек перасякаць мяжу. Пакуль гэты праект толькі пілотны. Але ў перспектыве перарасце ў маштабны - пасажыры змогуць праходзіць і праз так званыя электронныя вароты. Свой галоўны дакумент на новай сістэме праверыла наш карэспандэнт Улада Карніцкая.

Выключна без страты якасці. Зараз пагранічнікі Нацыянальнага аэрапорта змогуць праверыць пашпарт пасажыра яшчэ хутчэй. Дакладней, за іх гэта зробіць вось такі спецыяльны кіёск, які тут у зоне адлёту ўжо назвалі "разумным".

Працэдура такой праверкі дакументаў вельмі простая. На спецыяльны сканар кладзем пашпарт, і сістэма счытвае яго дадзеныя. Ужо пасля пасажыр павінен паглядзець у камеру, менавіта яна правядзе супастаўленне чалавека ў рэальнасці з фота ў пашпарце. Як вынік - "разумны" кіёск ужо праз 45 секунд адкажа, ці можа пасажыр перасякаць мяжу. У мяне высвеціўся чырвоны крыжык, а значыць не выключана, што сёння мне паляцець не атрымаецца.

Праўда, гавораць пагранічнікі, гэта ўжо ў выключных выпадках. Калі пасажыр кардынальна памяняў знешнасць - зрабіў пластычную аперацыю або адрасціў бараду - і сістэма яго не пазнае, з ім тут жа пагавораць спецыялісты індывідуальна. І, як паказвае практыка, праблема вырашаецца станоўча. Прынамсі, для беларусаў - сапраўды. Бо ў спісе тых, хто спрабуе перасячы мяжу па падробленых дакументах, нашы суайчыннікі не лічацца. У адрозненне ад замежных турыстаў. Паводле афіцыйнай статыстыкі, толькі ў Нацыянальным аэрапорце за мінулы год было затрымана 11 замежнікаў з фальшывымі дакументамі.

Антон Самалазаў, начальнік аддзялення атрада пагранічнага кантролю "Мінск": "Прапануем у добраахвотным парадку прайсці праверку праз гэты прыбор. Людзі згаджаюцца, ім заўсёды цікава, асабліва, калі мы тлумачым, што ў перспектыве гэта дапаможа ім перасякаць мяжу, паскорыць перасячэнне".

Да гэтага моманту такі кіёск можна было ўбачыць толькі ў некалькіх аэрапортах свету - Галандыі , Партугаліі, Фінляндыі і Нарвегіі. Зараз разумны агрэгат ёсць і ў Беларусі.

Пакуль адзін на ўвесь аэрапорт. Бо актуальнай сістэма стала толькі зараз, калі аэравакзал рэканструявалі, і колькасць пасажыраў тут павялічылася ў разы. У перспектыве праект ператворыцца ў маштабны, і тут з'явіцца цэлы комплекс - электронныя вароты.

Дзмітрый Таранко, намеснік начальніка ўпраўлення інфармацыйных тэхналогій Дзяржаўнага пагранічнага камітэта: "Ён сабою ўяўляе пэўнага выгляду турнікет, падчас падыходу да якога пасажыр падае на счытвальнік дакументаў свой пашпарт. У гэты час адбываецца праверка яго на сапраўднасць, адчыняецца першая створка гэтых варот. Пасля гэтага адбываецца здымка яго твару. Праверка па розных базах дадзеных абмежаванняў. І калі ўсталяваная адназначна асоба чалавека, адчыняецца другая створка варот і чалавек перасякае, па сутнасці, дзяржаўную мяжу".

Праз некалькі месяцаў пагранічнікі падвядуць вынікі пілотнага праекта, і тады ўжо стане вядома сапраўды, калі беларускія электронныя вароты ператворацца ў рэальныя дзверы за мяжу.