Мінулыя выхадныя сталі самымі цёплымі за ўвесь перыяд метэаназіранняў

22 октября 2019
Сіноптыкі   фіксуюць   новыя рэкорды анамальнага кастрычніка. Мінулыя выхадныя сталі самымі цёплымі за ўвесь перыяд   метэаназіранняў. У Мінску было амаль 20 градусаў цяпла. А ў Мінскім раёне другі раз за сезон зацвілі яблыні, грушы і чарэшня. 

Для сельскагаспадарчых культур такія   высокія   тэмпературы толькі на карысць. Азімыя лепш падрыхтуюцца да халадоў. 

Летні рэпартаж  Юліі Токар.

Летні кастрычнік здзіўляе не толькі дачнікаў, некаляндарны май прыйшоў у гаспадарку «Усход». Ужо тыдзень фруктовы сад патанае ў белых дзьмухаўцах. Галоўны аграном Ігар Пратасеня не памятае за сваю шматгадовую практыку такіх з'яў - упершыню ў разгар восені зацвілі яблыні і грушы. 

Надвор'е паўплывала на ўраджай яшчэ летам. Спякотны ліпень крыху змяніў афарбоўку ды і памер пладоў беларускіх сартоў.

У сувязі з анамальна гарачым летам перш чым адправіць яблыкі на захоўванне іх неабходна было астудзіць. Прычым у некалькі этапаў. Спачатку да 18 градусаў, затым да 10. А ўжо зімуюць плады вось у гэтых боксах. Тут тэмпература не перавышае 2 градусы.

Для сельскагаспадарчых культур пацяпленне таксама ў плюс. Напрыклад, у азімага рапсу ўжо сёння вельмі трывалыя карані. А гэта значыць, што расліна атрымае дастаткова цукру для паспяховай зімоўкі. 

І пакуль аграрыі завяршаюць палявыя работы, мінчане па максімуме выкарыстоўваюць магчымасці  цёплых дзён, тым больш што сезон пракату веласіпедаў і самакатаў   працягваецца. А сталічныя кафэ і рэстараны не збіраюцца зачыняць тэрасы. Вось такі цёплы падарунак ад сонечнага кастрычніка.