Развітанне з У. Цыплаковым пройдзе 17 снежня

16 декабря 2019
Развітанне з беларускім хакеістам і трэнерам Уладзімірам Цыплаковым адбудзецца заўтра ў будынку крытага катка ў парку Горкага з 10:00 да 13:00. Заслужаны майстар спорту, адзін з лепшых хакеістаў у гісторыі нашай краіны пайшоў з жыцця напярэдадні. Яму было 50 гадоў. За сваю гульнявую кар'еру Уладзімір Цыплакоў правёў 331 матч у наймацнейшай лізе свету - НХЛ. Выступаў за "Бафала" і "Лос-Анджэлес", выходзіў на лёд за мінскія "Дынама" і "Юнацтва", яраслаўскае "Тарпеда", казанскі "Ак Барс" і маскоўскі ЦСКА. У 1989 годзе стаў пераможцам моладзевага чэмпіянату свету ў складзе зборнай СССР, а за Беларусь  удзельнічаў у дзвюх Алімпіядах і шасці чэмпіянатах свету. Тройчы Цыплакова прызнавалі лепшым хакеістам краіны.