Высокі транзітны патэнцыял падштурхнуў і развіццё сеткі аўтамабільных дарог Гродзенскай вобласці. За апошнія гады абноўлены транспартныя артэрыі абласнога і раённага значэння. Самым маштабным праектам стала рэканструкцыя міжнароднай трасы М6 Мінск - Гродна. Зараз яе прапусканая здольнасць - звыш 10 тысяч аўтамабіляў за суткі. У выйгрышы не толькі грузаперавозчыкі, але і аўтамабілісты рэгіёна, якія штодня перамяшчаюцца па новай дарозе. Аб перспектывах развіцця транспартнай сістэмы - у рэпартажы Юрыя Карняловіча.
Свой першы самаходны транспартны сродак каваль Армэн Васільян змайстраваў яшчэ ў школьныя гады. Затым неаднаразова прыдумваў і ўдасканальваў розныя механізмы. Вяршыняй канструктарскай думкі інжынера-самавучкі стаў гібрыд аўтамабіля і трактара. Памочніка па гаспадарцы за два гады сабраў з таго, што было пад рукамі.
Трактар зроблены настолькі прафесійна, што нават у супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспекцыі не ўзнікла пытанняў да транспартнага сродку. Тэхніка зарэгістравана і мае свой нумарны знак, а значыць - можа рухацца па дарогах агульнага карыстання. Жвавы чырвоны аўтамабільчык часта можна заўважыць на аўтатрасе М6. Калі ўзнікае патрэба, гаспадар можа і ў абласны цэнтр, і нават у Мінск паехаць.
На новай дарозе цяпер ёсць месца і для ціхаходных, і для хуткасных транспартных сродкаў. Падчас рэканструкцыі яе пашырылі да 22-х метраў, зрабілі чатырохпалоснай. Прапускная здольнасць павялічылася ў некалькі разоў - да 10 тысяч аўтамабіляў за суткі.
Падчас рэканструкцыі трасы М6 галоўная ўвага надавалася бяспецы дарожнага руху. Упершыню ў Беларусі тут усталявалі вось такія бетонныя пліты, якія падзялілі транспартныя плыні. У выніку верагоднасць лабавога сутыкнення поўнасцю выключана.
Вадзіцель фуры Сяргей Шчарбовіч за рулём ужо 30 гадоў. І ўвесь гэты час маршрут яго праходзіць па аўтадарозе М6. Як змянілася траса - адчуў на сабе. Прызнаецца, камфорт і аператыўнасць - сёння галоўная адметнасць транспартнай артэрыі.
Наперадзе не менш важныя задачы. Пачалася рэканструкцыя міжнароднай трасы Мінск - Вільнюс, працягваецца абнаўленне сельскіх дарог.













