У Беларусі расце цікавасць да прамысловага турызму

14 июня 2021
Новыя эмоцыі, веды,  а магчыма і выбар будучай прафесіі. Беларусы і госці нашай краіны ўсё больш наведваюць айчынныя прадпрыемствы ў якасці прамысловых турыстаў. Так, своеасаблівы рэкорд у БелАЗа: завод у Жодзіне за пяць гадоў наведалі ўжо звыш 150 тысяч гасцей. Наведвальнікаў возяць на спецыяльным электробусе, у іх распараджэнні  цэхі, а галоўнае - самы вялікі ў свеце кар'ерны самазвал на 450 тон. Уся тэхніка даступная для дарослых і дзяцей. Ёсць і дадатковая "опцыя" -  тэст-драйв машыны на 130 тон. Дарэчы, за дзень Беларускі аўтазавод наведваюць да 200 турыстаў. 

Вялікая цікавасць у прамысловых турыстаў і да МТЗ. Мінскі трактарны завод за 4 гады наведалі  больш чым 15 тысяч чалавек з амаль сямідзесяці краін. Для беларускіх школьнікаў гэта ў тым ліку і прафарыентацыя. Акрамя таго, сярод папулярных напрамкаў - кандытарскія і малочныя камбінаты.