Пракат веласіпедаў і самакатаў - добрая альтэрнатыва грамадскаму транспарту і аўто

18 июля 2019
На сёння ў сталіцы налічваюць прыкладна восемсот тысяч веласіпедыстаў. Для іх камфортнага  перамяшчэння ў Мінску дзейнічае магістраль даўжынёю дваццаць сем кіламетраў. Пракат веласіпедаў і самакатаў - добрая альтэрнатыва грамадскаму транспарту і аўто. Ровары любых форм і памераў можна забраніраваць на суткі ці некалькі гадзін, а таксама скарыстацца паслугай шэрынгу. Падрабязней - Ілья Цвяткоў.

У велабізнесе Арцём Гулякевіч ужо пяць гадоў. Прызнаецца, любоў да двухколавых у яго з дзяцінства. Калі быў яшчэ студэнтам, вырашыў адкрыць свой велапракат, але не зусім звычайны - байкі ў парку Арцёма разнастайныя. Віды рам, таўшчыню колаў і нават шырыню сядла - усё можна падабраць у залежнасці ад рэльефу, па якім будзе праходзіць маршрут.

А для таго каб вандраваць было нясумна, ёсць і вось такі сямейны варыянт. Дамскі веласіпед с выгнутай рамай і спецыяльным крэслам для самых маленькіх. Замест таго каб купляць, лепш узяць напракат. Арэнда на суткі - усяго пятнаццаць рублёў. Зона перамяшчэння на веласіпедзе не абмежавана. Пры гэтым бясплатна выдаецца ўся неабходная экіпіроўка.  А для тых, хто эканоміць свой час, у гэтым сезоне ў сталіцы актыўна працуе экашэрынг. Браць напракат і пакідаць смарт-транспарт можна ў любым пункце горада. У кароткатэрміновую арэнду можна ўзяць электрасамакат ці яскравы жоўты байк. Працуе сістэма праз мабільную прыладу. 

Каб разблакіраваць байк ці самакат і пачаць паездку, дастаткова запампаваць бясплатны дадатак і прывязаць да яго банкаўскую карту. А далей усё працуе ў некалькі клікаў. Усе неабходныя для перамяшчэння па горадзе аксесуары ёсць: кошык, ліхтары і катафоты і абавязкова трымальнік для смартфона для язды па навігатары. Пакуль сэрвісы экашэрынгу працуюць у межах Мінскай кальцавой, але колькасць двухколавых толькі павялічваецца. У планах - пашыраць геаграфію. Ужо ў наступным сезоне пракат з'явіцца і ў іншых гарадах.