Следчы камітэт завяршыў расследаванне крымінальнай справы аб выбухах салютных установак у Дзень Незалежнасці. Піратэхніка расійскай кампаніі была бракаваная - дыяметр зарадаў апынуўся большым, чым памер марцір. Абвінавачанне прад'яўлена тром фігурантам. Гэта двое расіян-пастаўшчыкоў і камандзір роты Мінскай ваеннай камендатуры. Устноўлена, што падазроныя абразалі зарады і сілай устаўлялі ў ствалы. Такія вырабы падлягалі абавязковаму браку. Устаноўлена, што з 480 феерверкаў амаль дзве сотні былі з дэфектамі.
Юлія Ганчарова, афіцыйны прадстаўнік СК Беларусі: "У працэсе зараджання салютных установак у феерверачныя вырабы былі ўнесеныя змены, якія прыводзілі ў небяспечны для выкарыстання стан гэтыя вырабы. Як вынік, сталі адбывацца пазаштатныя сітуацыі - снарады выбухалі на нізкай вышыні альбо ў ствалах марцір. Гэта пацвярджаецца вынікамі экспертных даследаванняў і следчага эксперыменту".
Нагадаем, здарэнне адбылося падчас святочнага салюту ў Дзень Незалежнасці. Загінула адна жанчына, яшчэ 11 чалавек атрымалі траўмы. У той жа час урон следства ацаніла на суму больш як 740 тысяч рублёў. Матэрыялы крымінальнай справы перададзеныя пракурору для накіравання ў суд.
Вытворчы брак і механічнае ўмяшанне - прычыны выбухаў падчас салюту 3 ліпеня
4 марта 2020













