Вытворцы касметычных сродкаў выходзяць на новы ўзровень

5 Лютага 2016

Інавацыйны прадукт павінен быць даступным па цане. Вытворцы касметычных сродкаў выходзяць на новы ўзровень і арыентуюцца не толькі на перавагі спажыўцоў, але і на апошнія дасягненні навукі. У Мінскай вобласці вытворчасцю дэкаратыўнай касметыкі займаюцца сем прадпрыемстваў. Іх «тавары прыгажосці» сёння паспяхова прадаюцца ў Славеніі, Польшчы, Латвіі і іншых еўрапейскіх краінах, нават на Блізкім Усходзе. Надзея Сербіненка - пра індустрыю прыгажосці на навуковым узроўні.

Цінт для губ, хайлайтар, пудра-бронзер, памада... У касметыцы Юрый Роліч разбіраецца не горш за любую дзяўчыну. Начальнік участку варкі і кампактных вырабаў ўважліва сочыць за кожным этапам вытворчасці дэкаратыўнай касметыкі. Аказваецца, каб зварыць адну памаду, трэба змяшаць сорак відаў сыравіны.

Касметычная фабрыка ў Радашковічах - вытворчасць поўнага цыкла. Гэта значыць, што тут выпускаюць прадукцыю "пад ключ" - ад распрацоўкі ідэі да вытворчасці і паступлення ў продаж. За якасцю на кожным этапе сочаць адразу некалькі тэхнолагаў. Кожны прадукт павінен адпавядаць эталону – па колеры, паху і хімічных паказчыках.

Самы вялікі і шматлюдны цэх - канчатковай фасоўкі і ўпакоўкі. Адны - як канструктар, збіраюць цені і румяны, іншыя - памады, трэція ўстаўляюць шчотачкі ў туш для павек.

Пасля варкі і фасоўкі гатовую гігіенічную памаду трэба ўпакаваць . Для гэтага яе памяшчаюць у кардонную ўпакоўку. І ўжо ў такім выглядзе прадукт трапляе на паліцы магазіна.

Cтварэнне інавацыйнага прадукту – апошняя тэндэнцыя ў касметычнай галіне. Так, нядаўна на рынку з'явіліся абсалютна новыя дэкаратыўныя вырабы: бляск, які змяняе колер, матавыя памады, падводкі гелевай тэкстуры і ў форме фламастара. Сусветныя тэндэнцыі індустрыі прыгажосці падхопліваюць і ўдала рэалізуюць тэхнолагі-распрацоўшчыкі Мінскай вобласці. Тым самым займаюцца імпартазамяшчэннем. І пашыраюць экспарт.

Толькі ў Мінскай вобласці працуюць 7 касметычных фабрык. Прыбытак за мінулы год склаў 300 мільярдаў рублёў – што на дзесяць працэнтаў больш, чым у 2014-м. Высокую якасць і канкурэнтаздольную цану касметычнай прадукцыі з Мінскай вобласці цэняць і замежныя партнёры.