Праграма сямейнага капіталу пашыраецца і будзе прадоўжана. Адпаведны ўказ падпісаў Прэзідэнт

18 сентября 2019

Праграма сямейнага капіталу пашыраецца і будзе прадоўжана да канца 2024 года. Адпаведны ўказ сёння падпісаў Прэзідэнт Беларусі.

Новыя магчымасці датычацца датэрміновага выкарыстання сродкаў зыходзячы з інтарэсаў шматдзетных сем'яў. Як і раней, пасля 18 гадоў з даты нараджэння дзіцяці грошы могуць быць выкарыстаныя на паляпшэнне жыллёвых умоў, атрыманне адукацыі, атрыманне паслуг у сферы сацыяльнага абслугоўвання, аховы здароўя, фарміраванне назапашвальнай пенсіі маці. А вось датэрмінова выкарыстаць грошы зараз можна на атрыманне платных медыцынскіх паслуг, таксама на адукацыю і паляпшэнне жыллёвых умоў.

Фарміравацца сямейны капітал будзе ў беларускіх рублях. Базавы памер на 1 студзеня будучага года - 22 з паловай тысячы. Пры гэтым для захавання пакупніцкай здольнасці сродкі будуць штогод індэксавацца. Нагадаем, што права на прызначэнне сямейнага капіталу маюць беларусы пры нараджэнні (усынаўленні, удачарэнні) трэцяга або наступных дзяцей пры ўмове, што ў сям'і выхоўваюцца не менш за 3 дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў.

Аб тым, што трэба звярнуць пільную ўвагу на варыянты дадатковай падтрымкі шматдзетным,   не так даўно гаварыў і Кіраўнік дзяржавы. Падчас штогадовага Паслання да народа і парламента Аляксандр Лукашэнка даў канкрэтнае даручэнне ўраду.

Важны момант: шматдзетныя сем'і, якім ужо быў прызначаны сямейны капітал па папярэдняй рэдакцыі праграмы, таксама змогуць датэрмінова выкарыстаць сродкі па новых кірунках. Нагадаем, грошы, па якія грамадзяне не звярнуліся на працягу 3 гадоў пасля таго, як споўнілася 18 гадоў з даты нараджэння дзіцяці, будуць вернуты ў бюджэт. Гэта тычыцца сродкаў, якія не былі выкарыстаны на працягу 5 гадоў пасля падачы заявы.