Прагноз надвор'я у Беларусі стане больш дакладным

15 сентября 2018
У дапамогу сіноптыкам з'явіцца спецыяльны комплекс для метэаназіранняў. Яго будаўніцтва зараз завяршаецца ў нашай сталіцы. Новы аб'ект дазволіць сачыць за станам высокіх пластоў атмасферы. Развіваюць у краіне і сетку радыёлакатараў. Пакуль яны працуюць толькі ў сталіцы і Гомелі. Як палепшыцца якасць прагнозаў надвор’я, ведае Аляксандра Кавеліч.

Кабінет сіноптыкаў з боку нагадвае цэнтр касмічных палётаў - на вялікіх маніторах кожную секунду мяняецца выява са спадарожнікаў, радыёлакатараў і метэастанцый. Кожная з іх дапамагае скласці прагноз надвор'я. Каб ён быў максімальна дакладным, спецыялісты ўлічваюць дзясяткі розных фактараў.

Ці будзе град, і калі пройдзе навальніца... Інфармацыя з радыёлакатараў дазваляе пралічыць такую сітуацыю ледзь не па хвілінах. А таму ў Беларусі развіваюць сетку такіх памочнікаў. Зараз яны працуюць толькі ў Брэсце, Гомелі і Мінску, з'явяцца ва ўсіх абласных цэнтрах.

Новы комплекс для метэаназіранняў у сталіцы таксама дапаможа павысіць дакладнасць прагнозаў. На пляцоўцы амаль у 2 гектары з'явіцца самае сучаснае абсталяванне для вывучэння метэасітуацыі. Такія аб'екты з'явяцца і ў іншых рэгіёнах краіны.

Новы комплекс будзе ўлічваць максімальную колькасць параметраў. Тэмпературу, вышыню воблачнасці, хуткасць ветру і іншыя. Для кожнага на метэаралагічных мачтах усталююць спецыяльныя датчыкі. Збіраць інфармацыю будуць у рэжыме рэальнага часу. Усе звесткі паступяць у пункт кіравання.

Гэта пляцоўка хутка стане своеасаблівым аэрадромам. Тут будуць праводзіць запуск радыёзондаў. Смарт-прыборы будуць падымацца на вышыню да 30 метраў. Гэта дазволіць даследаваць верхнія слаі атмасферы. На тэрыторыі пляцоўкі з'явіцца і вучэбны корпус. Знаёміцца з прафесійным абсталяваннем там змогуць сіноптыкі-стажоры. Падрыхтоўку кадраў пачнуць у магістратуры БДУ. Першыя навучэнцы сядуць за парты ў кастрычніку.